Вы тут

З Украіны выслалі беларуса, якога СБУ назвала "прарасійскім прапагандыстам"

Фота: tvc.ru

2 студзеня з Украіны выслалі на радзіму грамадзяніна Беларусі Паўла Карназыцкага, якога СБУ назвала "прарасійскім прапагандыстам", што "працаваў у інтарэсах краіны-агрэсара". У паведамленні Службы бяспекі адзначаецца, што Карназыцкі "жыў ва Украіне нелегальна, публічна распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю", "пашыраў антыўкраінскую прапаганду". Беларус пазіцыянаваў сябе, як палітолаг, выступаў з каментарамі ў СМІ. СБУ звярнула ўвагу на яго выступы на шэрагу тэлеканалаў, у якіх "ён ставіў пад сумнеў прызнаныя міжнароднай супольнасцю доказы прысутнасці войскаў краіны-агрэсара на часова акупаваных тэрыторыях нашай дзяржавы". Да таго ж неаднаразова публікаваўся ў медыя-рэсурсах, падкантрольных самаабвешчаным "ДНР" і "ЛНР".

Паўлу Карназыцкаму забаронены ўезд ва Украіну на тры гады.

Карназыцкі быў вядомым апазіцыйным дзеячом у Беларусі ў другой палове 1990-х. Пераходзіў з адной арганізацыі ў іншую, некаторыя ўзначальваў (напрыклад, "Маладую грамаду"). А пасля прызнаўся, што яго завербавала КДБ. Неўзабаве пасля гэтага з'ехаў ва Украіну.