Вы тут

З перайменаваннем станцыі кіеўскага метро "Мінская" ўзніклі праблемы

У кіеўскім метро / УНІАН

З перайменаваннем станцыі кіеўскага метро "Мінская" ўзніклі праблемы, піша УНІАН. Раней у выніку анлайн-галасавання для яе выбралі новую назву"Варшаўская". Аднак кіраўнік Савета па урбаністыцы Кіева Віталь Селік заявіў, што ў пытанні перайменавання станцый неабходна прыцягненне экспертаў. У прыватнасці, ён згадаў станцыю "Мінская", якая можа стаць "Варшаўскай". Селік адзначыў, што назвы станцый метро павінны быць цесна звязаны з назвамі вуліц і аб'ектаў каля іх. А Варшаўскі масіў у Кіеве размешчаны ад гэтай станцыі ў 6 кіламетрах. Таму Віталь Селік і прапануе спачатку абмеркаваць сітуацыю з гісторыкамі, юрыстамі, філолагамі і нават мастакамі. Ён мяркуе, што калі дэпутаты і перайменуюць станцыю ў "Варшаўскую", дык "праз 2-3 гады" давядзецца да пытання зноў вяртацца.

Як стала вядома, кіеўскія дэпутаты, члены камісіі па перайменавання ўжо пачалі дыскусію з экспертамі.

У сярэдзіне красавіка перайменаванне некаторых станцый кіеўскага метро, назвы якіх нейкім чынам звязаныя з Беларуссю і Расіяй, анансаваў мэр сталіцы Віталь Клічко. Прычына — агрэсія супраць Украіны. Пазней пачалося анлайн-галасаванне. Новая назва "Варшаўская" набрала 37,7% (іншыя варыянты — "Марыупальская", "Вышгародская", "Бучанская"). За тое, каб пакінуць ранейшую назву, прагаласавалі толькі каля 8%.

Таксама станцыю "Берасцейская" збіраюцца перайменаваць у "Бучанскую".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.