З пачатку года кляшчы пакусалі амаль 4,000 беларусаў

Амаль 4 тыс. чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу з прычыны ўкусаў кляшчоў за пяць месяцаў гэтага года. Пра гэта паведамілі "БелаПАН" у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Кляшчы з'яўляюцца пераносчыкамі дзвюх небяспечных інфекцый: кляшчовага энцэфаліту і барэліёзу (хвароба Лайма). Паводле інфармацыі цэнтра, за названы перыяд у Беларусі зарэгістравана 160 выпадкаў хваробы Лайма і тры - кляшчовага энцэфаліту.

Па колькасці зваротаў лідзіруе Мінск, другое і трэцяе месцы займаюць Брэсцкая і Мінская вобласці. Менш за ўсё зваротаў зарэгістравана ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Тое, што найбольш актыўна за медыцынскай дапамогай звяртаюцца ў сталіцы, спецыялісты звязваюць з большай інфармаванасцю грамадзян пра тое, як паводзіць сябе пры ўкусе кляшча.

Каб пазбегнуць укусаў кляшчоў у лесе, на лецішчах, у лесапарках гарадоў спецыялісты раяць выбіраць для адпачынку чыстыя сонечныя паляны. Пры гэтым адзенне павінна максімальна хаваць цела. Вясной і на пачатку лета лепш не прыносіць дамоў букеты з лясных кветак: на якіх можа жыць клешч.

Калі ўкусу пазбегнуць не ўдалося, кляшча трэба асцярожна выдаліць пры дапамозе пінцэта ці ніткі. Для гэтага яго асцярожна выцягваюць за брушка, крыху расхістваючы пальцамі, пінцэтам або пры дапамозе слізготнай пятлі з трывалай ніткі, накінутай як мага бліжэй да хабатка. Пасля выдалення кляшча месца ўкусу неабходна апрацаваць ёдам або іншым спіртавым растворам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі