З лістапада польскія, але не шэнгенскія візы будуць каштаваць 60 еўра

Як даведалася Еўрарадыё, нягледзячы на шэнгенскі кошт візы, гэта не будзе сапраўдны Шэнген, таму паехаць па ёй можна будзе толькі ў Польшчу. Ужо ад 1 лістапада беларусы будуць вымушаныя плаціць за візу 60 еўра. Як патлумачыў Еўрарадыё прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Гжэгаж Карчыньскі, гэта будзе нешта падобнае да “рэпетыцыі Шэнгена”.

“З 1 лістапада сёлета Польшча будзе выдаваць візы згодна з працэдурай выдачы шэнген-візы, але гэтая віза яшчэ не “Шэнген”. Рэч у тым, што ў снежні будзе прымацца рашэнне аб прыняцці Польшчы ў Шэнген, і Польшча павінна паказаць, што здольная працаваць згодна з умовамі Еўрасаюза”.

За такую візу беларусы заплацяць 60 еўра, як за шэнгенскую, але паехаць па ёй змогуць толькі ў Польшчу. Да таго ж, ўскладніцца працэдура атрымання візы:

“Магчыма, будуць патрабаваць дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць мэту падарожжа, — тлумачыць Гжэгаж Карчыньскі. — Апроч заявы на візу, як было дагэтуль, трэба будзе падаваць ваўчар, пацвярджэнне рэзервацыі гатэля, запрашэнне. І самая галоўная змена (гэта будзе ўведзена толькі ў 2008 годзе) — гэта медыцынскі поліс на 30 тысяч еўра”.

Толькі ў студзені 2008 года з такой візай можна будзе без абмежаванняў падарожнічаць па краінах, якія уваходзяць у Шэнген-прастору, цягам 90 дзён у выпадку кароткатэрміновай візы.

Чакаць атрымання візы давядзецца таксама больш часу — да 10 дзён.

Бо каб выдаць візу, консул Польшчы будзе вымушаны кансультавацца з Міністэрствам замежных спраў у Варшаве і з кіраўніцтвам Шэнгену. Але ў надзвычыйных сітуацыях консульства можа выдаць “польскі Шэнген” цягам 2 дзён.

Па словах прадстаўніка МЗС Польшчы, для студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, магчыма, будуць адмысловыя ўнутраныя візы.

— Яны маюць патрэбу ў доўгатэрміновай візе, а не на 90 дзён, — гаворыць пан Карчыньскі. — Для іх, магчыма, будуць распрацаваныя адмысловыя візы, але дзейнічаць яны будуць толькі на тэрыторыі Польшчы.

Што да этнічных палякаў, якія маюць беларускае грамадзянства і жывуць ў Беларусі, то ў межах Шэнгену няма магчымасці этнічнага вылучэння. Але Польшча працуе над гэтак званай “Картай паляка”.

Калі такую карту прымуць, гэта значна спросціць яе ўладальніку працэдуру атрымання візы — магчыма нават, на падставе “карты” будуць выдаваць 5-гадовыя візы. Але і тады віза будзе функцыянаваць толькі на тэрыторыі Польшчы. Таксама дазвол на пражыванне (карта побыту) не дасць магчымасці выязджаць без візы за межы Польшчы.

Варта дадаць, што для грамадзянаў Расіі ды Украіны працэс атрымання візы будзе значна спрошчаны і каштаваць візы будуць 35 еўра. Усё гэта дзякуючы двухбаковым дамовам Еўрасаюза з Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Беларусь з такімі дамовамі пакуль марудзіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі