З Беларусі дэпартавалі расійскіх тэлежурналістаў

У пятніцу ў Мінску была затрыманая здымачная група праграмы "Надзвычайнае здарэнне" тэлеканала НТВ. Іх абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі МЗС Беларусі і ў суботу раніцай выдалілі за межы краіны.

Карэспандэнт канала НТВ Аляксей Малкоў і аператар Юрый Бабенка здымалі ў Беларусі фільм аб зніклых палітыках. У 2009 г. спаўняецца 10 гадоў з моманту знікнення пры загадкавых акалічнасцях экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнай Рады і экс-старшыні Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. Улетку 2000 г. таксама быў выкрадзены тэлеаператар расійскага канала ОРТ Дзмітрый Завадскі.

Вядома, што журналісты запісалі інтэрв'ю з Зінаідай Ганчар, жонкай Віктара, а таксама з Вольгай Завадскай, маці Дзмітрыя.
У ноч на суботу яны заканчвалі сваю камандзіроўку ў Беларусі і
збіраліся адправіцца ў Маскву. Аднак у пятніцу ўвечар супрацоўнікі
спецслужб у цывільным вывелі журналістаў з нумара гатэля Міжнароднага
адукацыйнага цэнтра, дзе яны спыніліся. Паводле персанала ўстановы,
гэтыя ж людзі выпісалі Малкова і Бабенку з гасцініцы, пасля чаго
адвезлі ў РАУС Маскоўскага раёна Мінска.

Пазней стала вядома, што Аляксея Малкова і Юрыя Бабенку супрацоўнікі
спецслужб адвезлі ў аэрапорт. Там іх пратрымалі ўсю ноч, а першым
ранішнім рэйсам адправілі ў Маскву. Ад каментароў журналісты пакуль
устрымліваюцца.

Grani