З 15 тысяч кандыдатаў выбарчы фонд стварыў толькі адзін чалавек

Як і ў друкаванні асабістых улётак кандыдатаў у дэпутаты на сёлетніх мясцовых выбарах (а іх яны мусяць вырабляць за ўласныя грошы).



З 15271 кандыдата ў дэпутаты сельскіх саветаў выбарчы фонд стварыў толькі адзін. Не на шмат лепш сітуацыя з выбарчымі фондамі ў кандыдатаў у дэпутаты саветаў іншых узроўняў, распавядае Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.



Лазавік: “З кандыдатаў у пасялковыя саветы, якіх у нас 261, выбарчы фонд не стварыў ніхто. На ўзроўні гарадоў раённага падпарадкавання, дзе 288 кандыдатаў, два кандыдата скарысталіся гэтай магчымасцю. На ўзроўні раённых саветаў, дзе 4916 кандыдатаў, фонды стварылі 72 чалавекі”.



Крыху лепш сітуацыя выглядае на ўзроўні гарадоў абласнога падпарадкавання. Такіх гарадоў у краіне 10, кажа Мікалай Лазавік, і там зарэгістравана 696 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 113 сфармавалі свае выбарчыя фонды. Кандыдатамі ў абласныя саветы зарэгістравана 694 кандыдаты і 152 маюць выбарчыя фонды. Найбольш актыўныя ў фармаванні выбарчых фондаў кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарсавета — з 189 кандыдатаў сфармавалі свае выбарчыя фонды 97 чалавек.



Нагадаем, паводле ўнесеных у Выбарчы кодэкс зменаў, грошы на друкаванне агітацыйнай прадукцыі кандыдатам у дэпутаты больш не выдзяляюцца. Яны накіроўваюцца на рахунак выбарчых камісій, якія будуць друкаваць агульную ўлётку з інфармацыяй пра ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, якія балатуюцца па іх акрузе. Але кандыдатам дазволілі фармаваць асабістыя выбарчыя фонды, грошы з якіх і дазваляецца траціць на сваю агітпрадукцыю. Так, кандыдат у дэпутаты абласнога і Мінскага гарадскога савета можа сфармаваць выбарчы фонд у памеры 30 базавых велічынь (3 млн 900 тысяч рублёў).



Кандыдаты ў дэпутаты ўсіх астатніх саветаў маюць права пакласці ў свой фонд суму да 10 базавых велічынь (1 млн 300 тысяч рублёў). Па словах Лазавіка, гэта значна большыя сумы, чым выдаткоўвае дзяржава на выраб друкаванай прадукцыі. І выкарыстоўваць іх можна не толькі на друк улётак, але і на “фінансаванне іншых агітацыйных мерапрыемстваў”.
 

Выбары ў мясцовыя саветы пройдуць 23 сакавіка.

Здымак з архіву. Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі