Вы тут

Юрый Стыльскі: Панк-рок не павінен быць з салам

Фота Еўрарадыё

8 траўня ў сталічным Prime Hall гурт “Дай Дарогу!” адзначыць свой дваццаты Дзень нараджэння. За што брэсцкія панкі заслужылі народную любоў, што музыкі рабілі б, калі б не было “Дай Дарогу!”, які самы вялікі ганарар атрымала каманда за два дзесяцігоддзі, у шчырай размове з Еўрарадыё распавядае лідар “ДД!” Юрый Стыльскі.

Толькі вось планета нас не ведае. Але ёсць, куды рухацца

 

Музыка ў нас была як хвароба. Мне падавалася, што я не маю іншага выйсця. У мяне не было мэты стаць музыкам, я і не думаў, кім мне стаць. Мне проста хацелася, і я рабіў. Але ў нейкі момант адчуў адказнасць. Зразумеў, што я галоўны, што на мяне прыйдуць людзі, што я не павінен захварэць, напіцца, што нельга, каб парвалася струна. Я пачаў літаральна трэсціся. 

За 20 гадоў мы сталі мацёрымі, больш папсовымі, злёгку вылезлі з андэграўнду. Па-іншаму трымаем у руках гітары. Я больш адчуваю музыку... 20 гадоў — гэта не страшная лічба. З аднаго боку, бярэ гонар — столькі пратрымацца, з іншага — сталыя... Толькі вось планета нас не ведае. Але ёсць, куды рухацца.

Мы праваронілі свой шанец. Яшчэ ў 2005, калі выйшаў альбом "20 см", нам трэба было ламіцца. А мы прытрымліваліся такой канцэпцыі: сядзець і чакаць, калі патэлефануе які-небудзь прадзюсар. Трэба было хоць нейкую ініцыятыву праяўляць. Калі б мы своечасова зразумелі сітуацыю, быў бы зусім іншы эфект. Ніхто не патэлефануе. Выпусцілі альбом — трэба не тое, што ўцюхваць яго, а віламі засоўваць. 

Панк-рок не павінен быць з салам і тлусты. Ён мусіць быць хударлявы, дохлы і дзікі

 

Я ні пад каго не кашу, спрабую рабіць арыгінальную музыку. Хаця ўсё адно часам нас з кім-небудзь параўноўваюць. Напрыклад, з “Сектором газа”. Але я б не сказаў, што мы падобныя на “Сектар”… Увогуле, мы народныя. Спяваем пра тое, што засела ў сэрцах людзей, гэта крык іх сэрцаў… Бытавуха, сацыялка — ніхто пра гэта не спявае. Корж? Ён для больш маладой аўдыторыі. 

Панк-рок не павінен быць з салам і тлусты. Ён мусіць быць хударлявы, дохлы і дзікі.

Увогуле не ўяўляю дзяўчыну ў складзе “Дай Дарогу!”. Хіба як элемент шоў, каб выйшла і патрэсла патламі ці спускалася на песні “20 см” з неба... Але яна нам не патрэбная.

Наш шоў-біз такі тугі. Ва Украіне людзі музыкальныя, а ў нас сумныя. Калі б дзяржава ставіла на культуру, а не на спорт, праз два пакаленні мы б заспявалі. 

Юра Стыльскі падчас выставы "Музыка без межаў" на фоне сваёй карціны

Усе б ведалі, што Юрый лепш за ўсіх малюе мора. Маё мора вісела б у гатэлях

 

Калі б не стаў музыкам, быў бы мастаком. Яшчэ да моманту знаёмства з гітарай я прысвячаў сябе фарбам. Заўсёды цягаў з сабой алоўкі, маляваў з першага па апошні клас. Я не спрабаваў сябе шукаць, а проста сядзеў і ствараў… Мастаком… Меў бы выставы ў Брэсце на вуліцы Савецкай і марыў пра Парыж. Гэта б было сумна. Бо ў нас гэта не запатрабаванае, каму патрэбныя карціны? Вядома, я б мог іх прадаваць, калі б паставіў на паток якое-небудзь мора. Усе б ведалі, што Юрый лепш за ўсіх малюе мора. Маё б мора вісела ў гатэлях, і ўсё. 

Мы б маглі з’ехаць у Расію ці Украіну, дзе разумеюць рускую мову. Але я тут прыкіпеў, мне тут падабаецца. Мне тут добра. Я б не змог надоўга з’ехаць, бо па-іншаму буду сумаваць. 

Фота з сацыяльных сетак

Мама кажа пра “Дай дарогу!”: “Юрка, гэта ж балдзёж”

 

Мама ніколі не лічыла мае песні нейкімі вострасацыяльнымі. Казала: “Юрка, гэта ж балдзёж”. Яна называе панк-рок балдзёжам. А ўвогуле, ганарыцца мной, усім распавядае, што яе Юра — музыкант. Калі ідзём і бачым мае афішы на слупе, вельмі радуецца. Ходзіць да нас на канцэрты са сваімі равеснікамі, і яны назіраюць за тым, чым моладзь жыве.  

Наш самы вялікі ганарар — тры тысячы долараў. Магчыма, для некага гэта дробязь, але паспрабуй зарабі! Але мы не зажэрліся, маўляў, без грошай не граем. 

Аднойчы мяне так “упакавалі”, што выйшаў на сцэну і нічога не разумеў. Гляджу на ўсіх, і не ведаю, што мне рабіць. Фёдар лік дае… Канцэрт быў, але не ведаю, што мы там рабілі. Усю дарогу дадому маўчалі… Пасля гэтага граем выключна цвярозыя канцэрты. Ці дакладна ведаем, што ўжываем…