Праблемы ёсць не толькі ў музыкаў. Што пра “кэнселінг” кажуць іншыя культурныя дзеячы
Беларускія культурныя дзеячы апошнім часам сутыкаюцца з праблемамі / Euroradio via Chat GPT
Беларускае грамадзянства стварае праблемы дзеячам розных сфер культуры, якія апынуліся ў замежжы праз рэпрэсіі і небяспеку жыцця на радзіме.
Пра гэта прадстаўнікі шэрагу культурных супольнасцей распавялі журналісту Еўрарадыё падчас апытанкі, зробленай раней для тэксту пра “кэнселінг” [маецца на ўвазе адмова ў супрацоўніцтве. — Еўрарадыё] беларускіх музыкаў у краінах Еўрасаюза. Распавядаем, што яшчэ стала вядома.
“Пакуль не час рабіць іх публічнымі”
Пра складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія творчыя асобы, вядома Беларускай радзе культуры (БРК) — дабрачыннай арганізацыі, якая паўстала ў 2020 годзе і мае праваабарончы статус.
“Мы шчыльна займаемся некалькімі кейсамі, але пакуль не час рабіць іх публічнымі”, — адказалі менеджары кірунку дапамогі БРК, не дадаўшы болей ніякіх тлумачэнняў.
Беларускі паэт і пісьменнік, які папрасіў Еўрарадыё не згадваць свае асабістыя дадзеныя, нядаўна сутыкнуўся з непаразуменнем ва Украіне.
“Нейкая абсурдная сітуацыя. Спачатку запрасілі выступіць на тэму белліта падчас Летняй філалагічнай школы пры Кіеўскім універсітэце. Я даў згоду, пасля чаго сказалі, што не могуць запрасіць, бо ў цяперашніх умовах выступленне можа выклікаць абурэнне ў часткі аўдыторыі”.
Суразмоўца так і не зразумеў, навошта было яго тады ўвогуле запрашаць.
“Мы атрымалі адмову нават на этапе праверкі заяўкі”
У Беларускай незалежнай кінаакадэміі, якая лабіруе інтарэсы айчынных кінематаграфістаў пераважна на еўрапейскіх кінапляцоўках, адказалі, што “не сутыкаліся з дыскрымінацыйным ціскам у сваёй працы па прыкмеце беларускага грамадзянства”.
Тым не менш Еўрарадыё вядома некалькі эпізодаў, калі са складанасцямі сутыкнуліся кінастваральнікі ў Літве і Польшчы.
У прыватнасці, у ігравога фільма (назва праекта наўмысна схавана, рэдакцыі яна вядома), прэм’ерны паказ якога прайшоў на буйным еўрапейскім кінафестывалі некалькі гадоў таму, усё яшчэ не адбылася літоўская прэм’ера. Хоць менавіта літоўская кінастудыя адыграла істотную ролю ў фестывальным лёсе стужкі. Перашкодай для паказу, па кулуарных словах суаўтараў, стала беларускае паходжанне часткі яе аўтараў.
Праблемы з паказамі могуць быць абумоўлены дыскрымінацыйным літоўскім заканадаўствам, якое прынялі пасля змены ўрада ў краіне ў 2025 годзе. Зыходзячы з яго, беларускім кінематаграфістам нельга атрымліваць фінансаванне і супрацоўнічаць з літоўскімі праектамі.
У такую няпростую сітуацыю патрапіў беларускі пастаноўшчык, які жыве і працуе ў Літве пасля эміграцыі з Беларусі. Суразмоўца пагадзіўся пракаментаваць свае праблемы непублічна.
“Тут шмат не раскажаш, бо дакладна ведаю, што я, як беларус па пашпарце, не магу наўпрост атрымоўваць грошы за працу ад Літоўскага кінацэнтра. То-бок мы з літоўскімі прадзюсарамі дамовіліся, што ў літоўскай частцы бюджэту ў графе «ганарар рэжысёра» будзе нуль.
У маім выпадку гэтыя кошты закрывае нямецкі фонд, там няма такіх абмежаванняў. Вось гэта асноўная праблема.
Дарэчы, мы атрымалі адмову нават на этапе праверкі заяўкі праз нейкія нестыкоўкі капрадукцыйнага бюджэту, але прадзюсары кажуць, што яны шукалі, да чаго дачапіцца, — і знайшлі. Будзем спрабаваць падавацца яшчэ раз восенню”.
Тым не меней, суразмоўца з аптымізмам глядзіць на сваю сітуацыю працы ў Літве, дзе, магчыма, дыскрымінацыйнае заканадаўства ў бліжэйшай перспектыве могуць адмяніць.
Што тычыцца Польшчы, то мінулай вясной Еўрарадыё пісала пра адмову польскага фестывалю дакументальнага кіно Millenium Docs Against Gravity (MDAG) узяць у праграму стужку пра фанатаў музыкі Макса Каржа “Дзвіж”. Стужка была знята дакументалістам Аляксандрам Гарадко для тэлеканала “Белсат”.
Прычынай адмовы паслужыла ці то супярэчлівая постаць Макса Каржа, канцэрт якога год таму стаў нагодай для палітычнага скандалу, ці то героі стужкі, сярод якіх былі расіяне і беларусы. Сам MDAG не адказаў на запыт Еўрарадыё.
“Даведацца аб якімсьці факце адкрытага хейту і дыскрымінацыі не атрымалася”
У іншых арганізацыях заўважнай дыскрымінацыі беларусаў пакуль не пабачылі.
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі незалежных фатографаў Сяргей Міхаленка не змог прыгадаць нейкіх гучных сітуацый, у якія траплялі фатографы. Але і адмаўляць праблемы не стаў.
“Нейкія моманты здараліся, і перыядычна нешта ўсплывала ў размовах, але гэта было хутчэй у самым пачатку вайны. Спрабаваў успомніць падрабязнасці з чагосьці нядаўняга, але не змог”.
Пра складанасці, звязаныя хутчэй з агульнаэмігранцкай сітуацыяй, а не з беларускім грамадзянствам, распавяла кіраўніца Беларускага Інстытута тэатра Валянціна Мароз.
“Так ці інакш мы ўсе сутыкаемся з недэклараванай дыскрымінацыяй, калі можна так сказаць. Калі працуем у праектах нямецкіх, польскіх, то плацяць нам менш, чым сваім.
Або адразу запрашаюць беларусаў, украінцаў, разумеючы, што палякі, напрыклад, не будуць працаваць за такія грошы. У цэлым так было і раней, калі мы працавалі ў сумесных праектах яшчэ ў Беларусі. Даведацца аб якімсьці факце адкрытага хейту і дыскрымінацыі не атрымалася”.
У Асацыяцыі беларускіх кнігавыдаўцоў, якая прасоўвае інтарэсы літаратараў і выдавецтваў, распавялі, што “няма нічога такога, па чым было б красамоўна відаць, што гэта дыскрымінацыя беларусаў”.
Прадстаўнікі праекта “Калектар”, які архівуе і аналізуе сучасную беларускую культуру, лічаць, што калі дыскрымінацыя адбываецца, то гаворка ідзе пра асобныя сітуацыі ў прыватных зносінах.
“Але, як нам падаецца, ад такіх адзінкавых выпадкаў, на жаль, не застрахаваная ніводная краіна”, — лічаць суразмоўцы.