Юнацкая каманда БАТЭ ледзь не пацярпела на матчы фіналу Лігі чэмпіёнаў

Юнацкая каманда БАТЭ і іншыя ўдзельнікі міжнароднага сацыяльнага праекта “Футбол для сяброўства” ледзь не пацярпелі ў цісканіне, якую зладзілі нецвярозыя фанаты італьянскага “Ювентуса” перад фінальным матчам Лігі чэмпіёнаў. Гульня праходзіла ў мінулую суботу ў Берліне. Нагадаем, што італьянскі клуб спаборнічаў за ганаровы тытул з каталонскай “Барселонай” і ў выніку саступіў з лікам 1:3.

Інцыдэнт з фанатамі “Ювентуса” здарыўся перад першым колам агароджаў, дзе ў заўзятараў візуальна правяраюцца квіткі для далейшага допуска да электроннага кантроля. Гэтая працэдура праверкі праходзіла спакойна, пакуль прыхільнікі італьянскіх футбалістаў не сталі шыхтавацца клінам групамі па 15-20 чалавек і з перыядычнасцю 7-10 хвілінаў ісці на таран, каб хутчэй пераадолець кардон. У выніку частка звычайных заўзятараў, у тым ліку дзеці, апынулася заціснутай каля агароджаў.

Дзякуючы дзеяннямі кіраўніцтва беларускай дэлегацыі і арганізатарам матча, якія прыйшлі ім на дапамогу, удалося пазбегнуць траўмаў ці іншых непрыемных эксцэсаў, паведамляе БелаПАН.

Асаблівасць Алімпійскага стадыёна ў Берліне ў тым, што пад’ехаць на аўтобусе проста на яго тэрыторыю практычна немагчыма, таму стаянка размешчаная крыху воддаль. У гэтым яго адрозненне ад арэны ў Лісабоне, дзе праходзіў леташні фінал Лігі чэмпіёнаў і які наведвалі ўдзельнікі праекта “Футбол для сяброўства”. Тады юных спартсменаў даставілі аўтобусамі проста да ўвахода на трыбуны.

Ілюстратыўнае фота з сайта livetv.sx

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі