Вы тут

Яўка 100% — улады збіраюць мітынг у падтрымку Лукашэнкі

Праўладны мітынг у Мінску / З архіву Еўрарадыё

Улады збіраюць вялікую акцыю ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Мітынг, мяркуючы па паведамленнях з розных рэгіёнаў краіны, павінен адбыцца ў нядзелю 25 кастрычніка. Людзі масава паведамляюць СМІ аб сходах на прадпрыемствах, дзе іх угаворваюць узяць удзел у мерапрыемстве.

"Сёння праходзіў сход з нагоды праўладнага мітынгу 25 кастрычніка."Даведзеная "колькасць ад Маладзечанскага раёну — 1500 чалавек. Аплата, як я зразумеў, за кошт арганізацый", — пішуць з Маладзечна, паведамляе "Наша Ніва".

Аналагічныя навіны прыходзяць з Віцебскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Мяркуючы па паведамленнях, існуе разнардка, колькі людзей павінен прывезці той ці іншы рэгіён. Ад Столінскага раёна, напрыклад, на мітынг чакаюць 800 удзельнікаў. Ці збяруць, пытанне. Як паведамляе адзін з супрацоўнікаў столінскага прадпрыемствы, працоўныя адмаўляюцца ехаць на мітынг.

На некаторых прадпрыемствах і ў арганізацыях за ўдзел абяцаюць заплаціць або адгулы, а тым, хто адмаўляецца ехаць, пагражаюць не працягнуць кантракты.

"Пад зусім злёгку прыкрытай пагрозай звальнення / непрадаўжэння кантракту прымушаюць ехаць 25.10 у Мінск на мітынг за Лукашэнку", — паведамляюць з Магілёўскай вобласці.

У панядзелак ужо была зроблена спроба правесці ў піку Марша пенсіянераў акцыю адстаўнікоў, якія падтрымліваюць уладу. Сітуацыя можа паўтарыцца і ў нядзелю. Напярэдадні Лукашэнка папярэдзіў, што "у нядзелю ў Мінску будзе наведзены парадак".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.