Ярмошына не ведае, калі пройдзе інаўгурацыя Лукашэнкі

Дата інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі пакуль невядомая. Пра гэта ў пятніцу заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Як паведамляла Еўрарадыё, 16 кастрычніка ЦВК не задаволіў скаргу экс-кандыдата Таццяны Караткевіч, якая прасіла прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі несапраўднымі. Таксама сёння былі зацверджаныя вынікі выбараў. Паводле дадзеных ЦВК, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 83,47%. Для яго гэта будзе ўжо пяты прэзідэнцкі тэрмін.

Ярмошына адзначыла, што дату інаўгурацыі "вызначыць кіраўнік дзяржавы". "Усёй працай будзе займацца арганізацыйнае ўпраўленне адміністрацыі прэзідэнта", — сказала яна.

Паводле выбарчага заканадаўства, інаўгурацыя кіраўніка дзяржавы павінна адбыцца не пазней, чым праз два месяцы пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Яны прайшлі 11 кастрычніка.

Фота: Еўрарадыё