Вы тут

Ярмошына нагадала, што на выбарах нельга выкарыстоўваць грошы з-за мяжы

Фота: БЕЛТА

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына нагадала, што матэрыяльная дапамога з-за мяжы падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў не дапускаецца, інфармуе БЕЛТА.

Ярмошына ўдакладніла, што гаворка ідзе пра матэрыяльную дапамогу з-за мяжы для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты або іх абрання. "Гэта значыць, калі за мяжой, напрыклад, друкуюцца рэкламныя буклеты для дадзенага кандыдата, альбо замежная арганізацыя яму дае грошы на аплату працы членаў ініцыятыўнай групы", — патлумачыла чыноўніца.

На кампанію мусяць выкарыстоўвацца грошы з выбарчых фондаў кандыдатаў. Гэтыя фонды для кандыдатаў у дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога саветаў складаюць да 30 базавых велічыняў; для кандыдатаў у дэпутаты iншых саветаў — да 10 базавых велічыняў. Фонд можа складацца з уласных сродкаў кандыдата, з добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Беларусі і Расіі (калі яны стала пражываюць на тэрыторыі Беларусі). Пры гэтым памер ахвяравання грамадзяніна не можа перавышаць 2 базавыя велічыні (на сёння — 49 рублёў). Таксама могуць быць добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асобаў (да 5 базавых). 

За кошт бюджэтных сродкаў акруговыя і тэрытарыяльныя выбаркамы вырабляюць агульныя плакаты з біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў, а выбарцам накіроўваюць спецыяльныя інфармацыйныя матэрыялы.

Кандыдаты маюць права бясплатна карыстацца прадастаўленымі памяшканнямі для сустрэч з выбарцамі. Кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) саветаў дэпутатаў маюць магчымасць бясплатна выступіць па дзяржаўным радыё. 

Пры жаданні кандыдаты могуць прапагандаваць сябе ў сацсетках, але гэтае пытанне беларускім заканадаўствам не рэгулюецца, адзначыла Ярмошына.

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання пройдуць 18 лютага. Жыхарам Беларусі належыць выбраць крыху больш за 18 тысяч дэпутатаў. 

Галоўнае

Выбар рэдакцыі