Ярмошына: На тэледэбатах кандыдатам не варта кранаць тэмы, у якіх яны некампетэнтныя

Лідзія Ярмошына ў праграме "Актуальны мікрафон" на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё выказала некалькі парадаў кандыдатам у прэзідэнты перад будучымі тэледэбатамі. Па яе словах, палітыкам варта трымацца жвава і не кранаць тэмы, у якіх яны некампетэнтныя.

"Тэледэбаты — гэта самае складанае. Па сутнасці, выступ па тэлебачанні, які будзе да гэтага, хай і ў прамым эфіры, але ён па-за канкурэнцыяй. Ты адзін, сам сабе задаеш пытанні і на іх адказваеш. Цябе ніхто не адцяняе і ніхто не душыць. На тэледэбатах трэба трымацца вельмі жвава, і там твая некампетэнтнасць (калі такая ёсць) на фоне астатніх можа саслужыць дрэнную службу", — перадае БЕЛТА словы Ярмошынай.

Таксама яна параіла кандыдатам не забывацца пра пачуццё самакрытыкі: "Не варта лезці ў нетры, у якіх не вельмі кампетэнтныя".

Тэледэбаты пройдуць на тэлеканале "Беларусь 1" 3 кастрычніка. Іх пачатак прызначаны на 17-ю гадзіну. Працягласць дэбатаў — адна гадзіна тэлеэфіру. Кандыдат, які хоча ўдзельнічаць у тэледэбатах, не пазней за 18 верасня мусіць падаць у Белтэлерадыёкампанію пісьмовую заяву.

Дарэчы, замест самога кандыдата ў тэледэбатах можа ўдзельнічаць яго давераная асоба.