Вы тут

Ярмошына: канстытуцыйны рэферэндум можа прайсці ў лютым 2022-га

У Канстытуцыю РБ плануецца ўнесці змены / БЕЛТА

Канстытуцыйны рэферэндум у Беларусі можа прайсці ў лютым 2022-га. Гэтая дата цяпер разглядаецца, распавяла sputnik.by старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, на падрыхтоўку патрэбны будзе месяц, а значыць дату рэферэндума аб'явяць у студзені наступнага года.

На рэферэндуме будзе прапанавана для прыняцця новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пакуль праца над ёй працягваецца. Чакаецца, што праект будзе гатовы да канца лета — пачатку восені. Яго абяцаюць апублікаваць у СМІ. Змены будуць датычыць найперш паўнамоцтваў прэзідэнта, парламента, ураду, мясцовых органаў улады. Таксама могуць быць замацаваны статус і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу (прапануецца, каб ён мог нават аб'явіць імпічмент прэзідэнту).

Каб рэферэндум адбыўся, трэба, каб прагаласавала больш за палову выбарцаў з ліку ўнесеных у спісы. Ярмошына кажа, што напярэдадні рэферэндума будзе дазволена агітацыя і за, і супраць. У месцах, "адведзеных для правядзення грамадска-масавых мерапрыемстваў", і ў СМІ.

У бюлетэні будзе толькі адно пытанне. "Калі з чымсьці не згодны, то, значыць, будзе галасаваць супраць усіх паправак", — кажа старшыня ЦВК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.