Японія гатовая далучыцца да санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў

У Японіі асуджаюць Беларусь за падтрымку ваенных дзеянняў Расіі​ / Reuters
У Японіі асуджаюць Беларусь за падтрымку ваенных дзеянняў Расіі​ / Reuters

Японія гатовая далучыцца да санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, пра гэта заявіў міністр замежных спраў краіны Есімаса Хаясі. Рашэнне звязанае з беларускім саўдзелам у агрэсіі супраць Украіны.

"Беларусь дазволіла выкарыстанне сваёй тэрыторыі расійскімі войскамі і падтрымлівае вайсковыя дзеянні Расіі. Японія жорстка асуджае гэтую краіну", — цытуе японскага міністра агенцтва "РІА Новости".

Хаяси адзначыў, што ўрад краіны цесна ўзаемадзейнічае з міжнароднай супольнасцю, перш за ўсё, з G7. А краіны G7 ўжо выказаліся за новыя санкцыі, абмежаванні ўвялі і ЗША. 

"Японія таксама разглядае санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў урада гэтай краіны і іншых асоб", — сказаў Хаясі.

Нагадаем, напярэдадні кіраўнік Еўракамісіі (ЕК) Урсула фон дэр Ляен анансавала новы пакет санкцый супраць Беларусі. Абмежаванні будуць уведзеныя за тое, што Мінск садзейнічае ў агрэсіі супраць Украіны. Санкцыі закрануць найбольш важныя сектары беларускай эканомікі, папярэдзіла кіраўнік Еўракамісіі.  

"Будзе спынены экспарт прадукцыі. Ад карысных выкапняў да тытуню, драўніны, цэменту, жалеза і сталі. Мы таксама распаўсюдзім на Беларусь раней прынятыя супраць Расіі экспартныя абмежаванні на тавары падвойнага прызначэння", — сказала фон дэр Ляен. Пашырыцца і санкцыйны спіс асоб, якія садзейнічаюць расійскаму ўварванню ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.  

Пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да Мінска заявілі і ў Аўстраліі. Прэм'ер-міністр краіны Скот Морысан у панядзелак заявіў, што Сіднэй ўводзіць санкцыі "супраць яшчэ 13 беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, які заахвочваў агрэсію, дазволіўшы Расіі здзяйсняць напад з тэрыторыі гэтай краіны". Яго цытуе ТАСС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі