Якім мог быць міграцыйны крызіс, калі б не разграмілі беларускія НДА

Берасцейцы і дзеці мігрантаў з Паўночнага Каўказа ў Брэсце, 2017 год / фота арганізатараў "Фэста для дружбы"
Берасцейцы і дзеці мігрантаў з Паўночнага Каўказа ў Брэсце, 2017 год / фота арганізатараў "Фэста для дружбы"

Беларусы ўжо сутыкаліся з міграцыйным крызісам: у 2016 годзе сотні чачэнскіх сем'яў выязджалі з Брэста ў цягніках на польскі Тэрэспаль. Некаторыя з іх спалі на вакзале, іншыя — здымалі кватэры ў брастаўчан.

Тады мігрантам дапамагалі праваабаронцы, актывісты, журналісты, проста неабыякавыя валанцёры. Цяпер і мігранты, і самі беларусы засталіся без дапамогі НДА. Іх ліквідавалі акурат напярэдадні абяцання Аляксандра Лукашэнкі не стрымліваць мігрантаў "на парозе Еўропы".

Мы распыталі праваабаронцу Насту Лойка з каманды Human Constanta пра тое, якім мог бы быць міграцыйны крызіс гэтага года, калі б НДА працавалі на поўную моц.

 

"Дзеці, навошта вы лезеце ў клумбу?"

Пяць гадоў таму мігранты з Паўночнага Каўказа — галоўным чынам з Чачні — спрабавалі трапіць у Польшчу праз Брэст. Атрымаць прытулак у ЕС атрымлівалася не шмат у каго. Прыкладна 10% з тых, хто прыязджаў у Польшчу на брэсцкім цягніку, маглі застацца для праходжання працэдуры міжнароднай абароны. Астатнія адпраўляліся назад — таму што “вайны ў Чачні не было”. Значыць, і ўцякаць няма ад чаго.

Каким мог быть миграционный кризис, если бы не разгромили белорусские НГО
Жыхары Паўночнага Каўказа ў Брэсце / Еўрарадыё

Не толькі Польшча, але і Рамзан Кадыраў як бы не разумеў, ад чаго ўцякаюць яго людзі. Ён называў іх не ўцекачамі, а закладнікамі "спецслужбаў еўрапейскіх краін, якія спакушаюць чачэнцаў расказамі пра райскае жыццё".

Але колькасць ахвотных паспрабаваць трапіць у ЕС праз Брэст не зніжалася: у Брэсце тады знаходзілася некалькі тысяч мігрантаў. Тады гэтая колькасць — "некалькі тысяч" — здавалася велізарнай. СМІ пісалі пра міграцыйны крызіс.

— Але тады максімальная колькасць, якую мы фіксавалі, — тры тысячы чалавек у канцы 2016 года. А цяпер гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч чалавек. Гэта адчуваецца на вуліцах Мінска і іншых гарадоў, — расказвае Наста Лойка.

Тады ў Брэсце намаганнямі валанцёраў рабілася шмат што. Яны апытвалі чачэнцаў, якія прыязджалі ў Беларусь, дапамагалі ім звяртацца па міжнародную абарону. Збіралі інфармацыю пра тое, што адбываецца з польскага, а што — з беларускага боку, пісалі аналітычныя агляды. У адрозненне ад крызісу гэтага года нястачы інфармацыі тады не было.

— Быў вялікі кірунак працы па гуманітарным кірунку. Часам людзям даводзілася начаваць на вакзале, і мы шукалі магчымасць аказваць ім медыцынскую, псіхалагічную дапамогу. Мы праводзілі юрыдычныя кансультацыі для дарослых і майстар-класы для дзетак.

Я ніколі не верыла ў талерантнасць людзей у Беларусі. І калі мы пачалі працаваць у Брэсце, то сутыкаліся з даволі шырокім размахам ксенафобіі. Нават мясцовыя актывісты, медыя ставіліся да мігрантаў вельмі насцярожана.

Проста на вуліцах мінакі маглі непрыязна выказвацца на адрас людзей чачэнскай знешнасці, хоць з адваротнага боку негатыву не было. Ці такі выпадак: дзеці гуляюць каля кветак, а на іх крычаць: навошта вы лезеце ў клумбу?

Гэта першая рэакцыя ў дачыненні да любых непадобных людзей — насцярожанасць, страх. А часам — агрэсія. Мы гэта адчулі, і нам спатрэбіўся пэўны час, каб знайсці тых, хто гатовы дапамагаць.

Каким мог быть миграционный кризис, если бы не разгромили белорусские НГО
"Фэст сяброўства" ў Брэсце, 2018 год / фота арганізатараў

Валанцёры спрабавалі займацца асветніцкай працай. Каб памірыць брастаўчан і чачэнцаў, арганізавалі "Фэст сяброўства". На яго прыйшло больш за дзвесце чалавек. Палова гасцей — з Паўночнага Каўказа. Другая палова — брастаўчане.

— Дзеці гулялі разам, ставілі сцэнкі, удзельнічалі ў майстар-класах. Вельмі камфортна суіснавалі. Мне здаецца, гэта быў важны досвед, каб паказаць, што гэта такія самыя людзі, проста са сваімі асаблівасцямі і часам — дадатковымі патрэбамі.

І цяпер мы просім людзей рэагаваць на мігрантаў з краін Блізкага Усходу не толькі страхам, просім спрабаваць задумацца, чаму гэтыя людзі тут апынуліся, якая ім патрэбна дапамога. Тлумачым, што гэтыя людзі сталіся закладнікамі сітуацыі.

Ёсць прычыны, з якіх яны ўцякаюць са сваіх краін. Мы ведаем, наколькі ўшчамляюць людзей у Іраку па нацыянальнай прыкмеце — і тлумачым гэта беларусам. Людзі, якія прыслухоўваюцца да гэтых аргументаў, пачынаюць інакш рэагаваць на мігрантаў.

 

"Тады ў падобнай сітуацыі людзей адразу высылалі"

Працаваць як раней праваабаронцы ўжо не могуць. Нават простае апытанне бежанцаў ужо немагчымае — гэта можа быць небяспечна для валанцёраў.

— Ёсць яшчэ адна вялікая розніца паміж бягучай сітуацыяй і гісторыяй з транзітнымі ўцекачамі ў 2016 годзе. Тады людзі самі прыязджалі ў Брэст, і часам у іх былі праблемы з мясцовымі міграцыйнымі службамі. Часам іх затрымлівалі і выдавалі ў Расію. Для нас гэта былі цяжкія кейсы.

А сітуацыя, якая здарылася цяпер, унікальная тым, што ўся гэтая хваля кантралюецца мясцовымі ўладамі. Мы ведаем, што ёсць месцы, дзе жывуць людзі са скончанымі іміграцыйнымі візамі. Што нашы міграцыйныя службы пра гэта ведаюць. І не чапаюць іх, хоць раней людзей у такой сітуацыі адразу высылалі.

З іншага боку, відаць, што ўлады ўжо і самі не ведаюць, што рабіць з гэтымі людзьмі.

Валанцёры ўсё ж спрабуюць дапамагаць мігрантам. Напрыклад, перадаюць лекі, таму што з беларуска-польскага лесу людзі вяртаюцца з падарваным здароўем.

— Мы стараемся ўзаемадзейнічаць з профільнымі арганізацыямі, у якіх больш паўнамоцтваў, — з "Чырвоным Крыжам", з "Дактарамі без межаў", з Упраўленнем вярхоўнага камісара па справах бежанцаў. Але, вядома, нам не стае комплекснай ініцыятывы па гуманітарнай дапамозе гэтым людзям.

Розніца з сітуацыяй 2016 года яшчэ і ў тым, што для жыхароў Чачні Беларусь не была бяспечнай краінай праз адсутнасць мяжы з Расіяй. Таму мала хто з мігрантаў заставаўся жыць у Беларусі — не менш, чым Беларусь, ім падышоў бы любы расійскі рэгіён.

Цяпер для кагосьці з мігрантаў Беларусь магла б стаць бяспечнай краінай — калі б тут выконваліся правы чалавека.

 

А калі яны застануцца? Іх будуць утрымліваць на мае падаткі?

Мы задалі Насце Лойка топ пытанняў, якія турбуюць нашых чытачоў. І папрасілі праваабаронцу "прапрацаваць" нашы негатыўныя ўстаноўкі.

— Што, калі мігранты застануцца ў Беларусі?

— Нават калі яны застаюцца, Беларусь нічога не губляе, а толькі набывае. Чым больш людзей працуе, тым больш падаткаў плаціцца. У Беларусі, вядома, ёсць схаванае беспрацоўе. Але ёсць і сферы, у якіх не стае работнікаў. Калі людзі гатовыя там працаваць, нам гэта толькі дапаможа.

— А калі яны не захочуць працаваць, мы будзем утрымліваць іх на свае падаткі?

— Калі мігранты падаюцца на статус уцекача ў Беларусі, ім плацяць зусім маленькія сумы — пяць базавых велічынь [127,5 беларускага рубля. — Еўрарадыё]. Гэта праўда невялікія грошы. У нас няма такіх дапамог, як у ЕС. Так што мы не губляем падаткаў, але можам набыць новыя працоўныя рукі, гатовыя працаваць і плаціць гэтыя самыя падаткі.

Ёсць шмат даследаванняў, якія паказваюць: такія патокі міграцыі толькі ўмацоўваюць эканоміку краіны.

Мне здаецца, у людзях гаворыць просты страх і нежаданне прымаць людзей іншай культуры, іншай мовы, іншай рэлігіі побач з сабой.

— А што з беларускай культурай? Ці вытрымае яна націск чужой мовы, рэлігіі і традыцый?

— Беларуская культура ў заняпадзе, але прычына не ў мігрантах.

Ёсць прыклады заходніх краін, у якіх хвалі міграцыі толькі ўмацоўвалі іх нацыянальныя культуры. Я ўпэўненая, што ўся гэтая аргументацыя — гэта ксенафобія і непрыняцце.

Людзям проста варта працаваць з сабой: мы жывём у глабалізацыйным свеце, міграцыя — гэта натуральны гістарычны працэс. Проста Беларусі шанцавала, мы былі маналітныя, у нас 70% насельніцтва — прадстаўнікі тытульнай нацыі. А большасць з астатніх 30% — гэта блізкія нам людзі з Расіі і Украіны.

 

Мы самі шукалі людскага стаўлення

Бачыць людзей з больш далёкіх краін для нас нязвыкла. Але да гэтага можна прывыкнуць.

Каким мог быть миграционный кризис, если бы не разгромили белорусские НГО
Мігранты на беларуска-польскай мяжы / Дзяржпагранкамітэт Беларусі

Стаўленне беларусаў да праблемы нерэгулярнай міграцыі складанае, таму што мы сутыкнуліся не з хваляй міграцыі, а з гібрыднай вайной, перакананы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

— Беларуская талерантнасць раней была разумовым канструктам. Лёгка быць талерантным, калі сядзіш у маленькім горадзе і не часта сутыкаешся з людзьмі іншых культур. Іншая рэч, калі сапраўды адбываецца сутыкненне. Тады і высвятляецца, што ўсё не так гладка.

Я чую цяпер і людзей, якія спачуваюць мігрантам, і тых, хто кажа, што яны самі вінаватыя. Але мне здаецца, важна разумець, што беларусы сутыкнуліся не проста з натуральнай хваляй міграцыі, з якой сутыкаюцца, напрыклад, жыхары Турцыі.

А Беларусь сутыкаецца з гібрыднай хваляй. І ў гэтым сэнсе ні ў адной краіне свету людзі не будуць радыя, калі ўлада будзе ператвараць краіну ў транзітны лагер уцекачоў, арыентуючыся на свае палітычныя мэты. Гэтая сітуацыя нікога не парадуе.

І так, калі я гляджу фота і відэа з Мінска, калі бачу, у што ператвараецца Мінск пры ўдзеле Лукашэнкі, мне маркотна і сумна. Гэта не тое, як усё магло б быць у нармальнай сітуацыі.

А можа, беларусы проста адчуваюць, што ў іх больш правоў на Еўропу, чым у мігрантаў з краін Блізкага Усходу? Добрае пытанне, і для адказу на яго трэба ўлічыць некалькі фактараў.

Па-першае, прававы. Тыя беларусы, якія з'язджаюць у Еўропу, робяць гэта легальна. І нават калі яны вымушаныя пераходзіць мяжу нелегальна, як, напрыклад, было ў сітуацыі з актывістамі ByPol, перайшоўшы мяжу, яны адразу шукаюць спосабы легалізавацца. Таму тыя, хто нават у цяжкай сітуацыі імкнецца шукаць легальныя спосабы для эміграцыі, адчуваюць, што ў іх больш правоў на Еўропу, чым у людзей, якія карыстаюцца нелегальнымі магчымасцямі.

Па-другое, культурны момант: беларусы лічаць, што ў іх больш правоў на Еўропу па той жа логіцы, па якой іракцы могуць лічыць, што ў іх больш правоў на Блізкі Усход.

А вось становішча, у якім апынуліся мігранты, пагаршаецца тым ціскам, які адчулі на сабе недзяржаўныя арганізацыі. Праз гэта тыя самыя праваабаронцы не могуць аказаць гэтым мігрантам настолькі поўную дапамогу, якую маглі б аказаць некалькі гадоў таму.

Калі б у трэцяга сектара была магчымасць нармальна працаваць, становішча мігрантаў не было б такім катастрафічным.

Важна, каб у краіне пачулі голас праваабаронцаў. У Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя: паводле летняга апытання Chatham House, у краіне ёсць тры інстытуцыі, якім давяраюць у найбольшай ступені. Праваслаўная царква, незалежныя СМІ і праваабаронцы. Я не ўпэўнены, што ў свеце ёсць падобныя прыклады, калі праваабаронцы — топавы інстытут, якому давяраюць людзі.

Для мяне адказаць на пытанне пра тое, як сябе паводзіць у дачыненні да мігрантаў, вельмі проста: гэтаксама, як паводзіць сябе ў дачыненні да людзей. Па-людску. Памятаць, што людскае стаўленне — гэта тое, чаго шукалі самі беларусы ўвесь 2020 год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі