Як здаюць аб’екты да 7 лістапада: “Ложкі стаяць, абсталявання няма"

“Усё ў працэсе пераезда, мантажу абсталявання, яно дарагое, трэба акуратнасць, трэба яго наладзіць”, — апісваюць Еўрарадыё пераезд у новае тэрапеўтычнае аддзяленне Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі.

Чырвоную стужку на ўрачыстым адкрыцці новага корпуса перарэзаў асабіста губернатар Віцебшчыны Аляксандр Косінец. Але за 2,5 тыдні пасля пераезд не адбыўся.

“Галоўная перашкода да пераезду ў "здадзены корпус" — у ім няма дапаможных службаў: няма УГД, рэнтгеналогіі... Ложкі стаяць, а абсталявання няма. Там жа павінна размясціцца тэрапеўтычная частка рэанімацыйнага аддзялення. Але ні дыхальнай апаратуры, ні манітораў пакуль не закуплена. Наогул ні слыху, ні дыху. І ў каго спытаць, незразумела”, — так апісвае пераезд у новы корпус адзін з віцебскіх лекараў у сваім блогу.

Аграгарадку Вярэйкі на “чырвоны дзень календара” прэзентуюць сучасны 3d-кінатэатр для Дома культуры. Але той паказвае кіно толькі… раз на тыдзень, бо “тады прывозяць абсталяванне”.

“Абсталяванне ў нас сваё. Але яны давозяць нешта па пятніцах. Гэта ж для дзяцей зручна, і для дарослых. Хаця некаторыя выказваюцца за суботу. У нас там 250 месцаў”, — расказваюць у Доме культуры.

У гэтую пятніцу жыхарам Вярэек пакажуць “Вій”, як дзецям, так і дарослым. А на мінулым тыдні дзецям круцілі мультфільм “Іван царэвіч і шэры волк-2”.

Новая 39 мінская паліклініка, якую 7 лістапада адкрываў новы мэр Мінска праз 2 тыдні таксама не працуе цалкам. Не хапае спецыялістаў, не робяць флюараграфію і рэнтгенаўскія здымкі.

А вось садок “Вясёлка” у Смалявічах, які дарылі на чырвоны дзень календара, запусцілі. Туды ўжо ходзяць дашкольнікі:

“Нам давозяць яшчэ рэчы. Але мы працуем, бацькі задаволеныя, бо доўгі час у раёне не адкрываліся новыя садкі”.

Дзіцячы садок гатовы прыняць 230 дзяцей, па абяцаннях чыноўнікаў, тут працуе трэнажорны зал і падлога з падагрэвам. У садку запэўніваюць, што ўсё абсталяванне запусцілі.

Фота: dkb-dv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі