"Як у Мінеапалісе": праз што ў ЗША пачаўся апакаліпсіс і што сабе думаюць улады

Пратэстоўцы ў Вашынгтоне / Reuters
Пратэстоўцы ў Вашынгтоне / Reuters

Сацсеткі запаланілі жорсткія відэа з ЗША. Марадзёры выносяць з крамаў бытавую тэхніку, людзей збіваюць на вуліцах. Паліцыя быццам бы бяздзейнічае, а грамадзяне, каб абараніць сябе, бяруць у рукі зброю. Што за апакаліпсіс там адбываецца? Праз што пачаліся масавыя беспарадкі? Расказваем галоўнае пра пратэсты ў ЗША.

З чаго ўсё пачалося?

Спускавым кручком стала смерць афраамерыканца Джорджа Флойда 25 траўня ў Мінеапалісе пры затрыманні паліцэйскімі. Паліцыю выклікаў касір крамы, які вырашыў, што Флойд спрабуе расплаціцца фальшывым банкнотам. У заяве праваахоўнікаў пазначана, што мужчына аказаў супраціў пры затрыманні і не хацеў садзіцца ў машыну.

Далей дзеянні паліцыі дапамагаюць аднавіць відэа людзей з вуліцы. Адзін з паліцэйскіх — Дэрэк Шовен — ужыў задушлівы прыём: наступіў каленам на шыю Флойда, які ляжаў на зямлі. Афраамерыканец некалькі разоў вымавіў "Я не магу дыхаць, не забівайце мяне" і страціў прытомнасць. Праз некалькі гадзін Флойд памёр у рэанімацыі.

 

Гэта не першы выпадак, калі забойства афраамерыканца пры затрыманні паліцыяй набывае грамадскі рэзананс. Па статыстыцы, чарнаскурыя жыхары ЗША непрапарцыйна часта становяцца ахвярамі куль у параўнанні з тым, які адсотак (14%) яны складаюць у агульнай дэмаграфіі гэтай краіны. 

Паліцэйскіх затрымалі?

Так, Дэрэка Шовена, які стаяў каленам на шыі Флойда на працягу амаль 9 хвілін, затрымалі 30 траўня. Яму прад'явілі абвінавачанне ў ненаўмысным забойстве. Дарэчы, тры аперацыі па затрыманні злачынцаў, праведзеныя Шовенам у 2000-я і 2010-я, скончыліся ненаўмыснымі забойствамі. У СМІ гавораць пра 18 скаргаў на Шовена за жорсткае абыходжанне з затрыманымі.

Шовен і астатнія паліцэйскія, якія ўдзельнічалі ў затрыманні, звольненыя.

 

“Как в Миннеаполисе”: из-за чего в США начался апокалипсис и что думают власти
Мінеапаліс, ЗША / Reuters

Калі пачаліся акцыі пратэсту?

Ужо 26 траўня на дэманстрацыю ў Мінеапалісе сабраліся некалькі тысяч чалавек з плакатамі "Я не магу дыхаць" і "Жыцці чорных маюць значэнне". Больш радыкальныя дэманстранты падышлі да паліцэйскага ўчастка, разбілі яго шыбы, спісалі фарбай машыны, кідалі камяні ў работнікаў паліцыі. У адказ праваахоўнікі ўжылі слезацечны газ і святлошумавыя гранаты. З гэтага і пачалася хваля беспарадкаў у ЗША.

Наколькі шырока распаўсюдзіліся беспарадкі?

Акцыі пратэсту хутка ахапілі ўсе амерыканскія штаты. Некаторыя дэманстрацыі праходзяць мірна, іншыя канчаюцца сутыкненнямі з паліцыяй, рабаваннямі крамаў і падпаламі. 

“Как в Миннеаполисе”: из-за чего в США начался апокалипсис и что думают власти
У амерыканскіх гарадах увялі каменданцкую гадзіну / Reuters

Усё гэта прывяло да таго, што ў многіх гарадах увялі каменданцкую гадзіну, а на вуліцы краіны выведзены больш за 70 тысяч байцоў Нацыянальнай гвардыі. Гэта новы рэкорд у гісторыі ЗША. Папярэдні быў у 2005 годзе, калі падчас урагану Катрына ўлады задзейнічалі 51 тысячу байцоў Нацгвардыі для падтрымання парадку.

Ці ёсць ахвяры беспарадкаў? 

Так, ужо загінулі не менш за 11 чалавек. Некаторыя з іх выпадкова трапілі ў перастрэлку і атрымалі смяротныя раненні. Ёсць ахвяры сярод паліцэйскіх. Выканаўца абавязкаў намесніка міністра ўнутранай бяспекі ЗША Кен Кучынэлі сказаў, што ўлады будуць расцэньваць напады на супрацоўнікаў праваахоўных органаў як акты тэрарызму.

Больш за 4 тысяч пратэстоўцаў затрыманыя — іх абвінавачваюць у марадзёрстве, нападзе на паліцэйскіх і падпалах.

Як рэагуе Дональд Трамп?

Прэзідэнт ЗША тэлефанаваў брату Джорджа Флойда, каб выказаць спачуванне сям'і забітага. Аднак Дональд Трамп не падзяляе перакананняў маніфестантаў. Ён назваў тое, што адбываецца, "унутраным тэрарызмам" і гаворыць пра гатоўнасць прыцягнуць войска. У Белым доме абмяркоўваюць прымяненне "Акта аб паўстаннях" 1807 года. Гэты закон дазваляе выкарыстоўваць рэгулярныя войскі на тэрыторыі ЗША. Актам апошні раз карысталіся ў 1992 годзе, калі душылі паўстанне ў Лос-Анджэлесе.

“Как в Миннеаполисе”: из-за чего в США начался апокалипсис и что думают власти
Акцыі пратэсту цяпер праходзяць не толькі ў ЗША. На фота — Парыж / Reuters

Таксама Трамп заявіў, што групоўка "Антыфа" будзе на тэрыторыі ЗША лічыцца тэрарыстычнай. Трамп мяркуе, што беспарадкі арганізуюцца антыфашыстамі і "іншымі радыкальнымі левымі групоўкамі".

Акцыі пратэсту 29 траўня, арганізаваныя ў непасрэднай блізкасці ад Белага дома, вымусілі Трампа разам з сям'ёй адправіцца ў падземны бункер.

А як жа пандэмія каранавіруса?

На фоне пратэстаў спецыялісты прадказваюць новыя ўспышкі заражэнняў COVID-19. ЗША пакуль не ўдаецца справіцца з эпідэміяй: кожны дзень там фіксуюць каля 20 тысяч новых хворых. 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі