Вы тут

Як працуе мэблевая фабрыка, якую не кранула дзяржаўная мадэрнізацыя

Супрацоўніцы адной з фабрык падчас сваёй змены.

Дрэваапрацоўка — балючая тэма для беларускай эканомікі. З 2007 года ў “базавыя” прадпрыемствы галіны ад Мастоў да Івацэвічаў дзяржава ўклала 4 мільярды долараў. Аднак высветлілася, што нятанных новых станкоў недастаткова. Мадэрнізацыя прывяла да таго, што дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы апынуліся па вушы ў крэдытах, і нават да судовых працэсаў для асобных з іх.

Прадпрыемства “Маладзечнамэбля” ў праграму мадэрнізацыі не трапіла. Пасля распаду Савецкага Саюза яго прыватызавалі і пераўтварылі ў ЗАТ — уладальнікамі акцый сталі супрацоўнікі. З 1985 года заводам кіруе дырэктар Валерый Бушыла, з якім фабрыка прайшла ўсе крызісы 1990-х, спакойныя 2000-я, а цяпер паціху рухаецца да завяршэння неспакойных 2010-х.

Кампанія арыентуецца на выраб мэблі, якую большасць беларусаў наўрад ці здолее набыць. Стол тут можа каштаваць да дзвюх тысяч еўра! У вытворчасці выкарыстоўваецца масіў дуба, бука і вольхі. Да 70% прадукцыі ідзе на экспарт — у Расію (да 75% ад усяго экспарту) і ў краіны Еўрасаюза.

На здымках вы можаце паглядзець, якую мэблю прапаноўваюць заможным пакупнікам.

Крызіс у Расіі дужа ўдарыў па беларускім прадпрыемстве — праз санкцыі і падзенне курса расійскага рубля там сталі набываць менш дарагой замежнай мэблі.

Да таго ж, за апошні час кошт на некаторыя пароды дрэва вырас больш як на 30%. У адміністрацыі прадпрыемства распавядаюць, што яно ўсё адно знаходзіцца “у плюсе”, хаця і зарабляе значна менш, чым пяць гадоў таму.

На пэўных этапах вытворчасці “Маладзечнамэбля” — “цёплае і лампавае” прадпрыемства. Еўрарадыё пабывала на экскурсіі і паглядзела, як яно працуе.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 12.12