Як на беларускі рубель паўплывае павелічэнне ўліковай стаўкі ў ЗША

Як на беларускі рубель паўплывае павелічэнне ўліковай стаўкі ў ЗША

Федэральная рэзервовая сістэма ЗША, якая выконвае функцыю Цэнтрабанка, 16 снежня падняла ўліковую стаўку на чвэрць працэнта — да 0,5%. Гэта першае павышэнне з крызісных часоў 2006 года.

Што такое ўліковая стаўка

Уліковая стаўка — гэта той працэнт, пад які банкі могуць браць крэдыты ў амерыканскім Цэнтрабанку. Яна ўплывае на ўсе астатнія працэнтныя стаўкі на фінансавым рынку ЗША, у тым ліку па крэдытах, дэпазітах.

Да чаго гэта прывядзе

Павышэнне ўліковай стаўкі — падзея чаканая. Амаль год вяліся спрэчкі, калі менавіта ФРС мусіла гэта зрабіць. Таму такі крок не выклікаў рэзкага змянення курса долара.

“Сур’ёзнай рэакцыі фінансавых рынкаў на гэта быць не павінна. І яе не было толькі за кошт таго, што гэта вельмі чаканая падзея”, — падкрэслівае эканаміст Сяргей Чалы.

Памер уліковай стаўкі павялічваецца ўпершыню за шмат гадоў, і гэта азначае, што амерыканская эканоміка пачала ўстойліва ўзнаўляецца, разважае старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб. А гэта прывядзе да зніжэння кошту беларускага рубля да долара.

“Долар будзе ўмацоўвацца. І ў дачыненні да еўра, і да фунта, і да расійскага з беларускім рублёў”, — кажа аналітык.

Як на беларускі рубель паўплывае павелічэнне ўліковай стаўкі ў ЗША
Працэс друкавання долараў ЗША. Фота: AP Photo/LM Otero

Што будзе далей

Цяпер варта чакаць цэлага цыклу павышэння ставак цягам некалькіх гадоў, а гэта будзе яшчэ больш узмацняць амерыканскую валюту. Долар будзе расці і ў дачыненні да беларускага рубля. На фоне стабільнага кошту валютнага кошыка.

“Насамрэч цалкам верагодная такая сітуацыя, што долар будзе ўмацоўвацца, гэта прывядзе да таго, што яго курс будзе расці. Пры гэтым еўра будзе падаць, расійскі рубель будзе падаць яшчэ больш. І можна будзе абгрунтавана сказаць, што гэта не беларускі рубель падае, а долар расце”, — адзначае Іосуб.

У сярэднетэрміновай перспектыве ФРС збіраецца падняць уліковую стаўку да 1,5% у 2016 годзе і да 2,5% у 2017 годзе.

Як ужо адрэагаваў беларускі рубель

17 снежня паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы рубель саслабеў у дачыненні да амерыканскага долара. Курс долара вырас на 28 рублёў — да 18 338.

Галоўнае фота: businessinsider.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі