Як мяняліся версіі расійскіх СМІ пра крушэнне малайзійскага Боінга

Як мяняліся версіі расійскіх СМІ пра крушэнне малайзійскага Боінга

Крушэнне малайзійскага "Боінга" ў небе над Украінай адбылося больш за два гады таму. 28 верасня ў Гаазе агучаны даклад пра расследаванне крушэння. Міжнародная следчая група прыйшла да высновы, што лайнер быў збіты ракетай "зямля-паветра", пушчанай з зенітна-ракетнага комплексу "Бук" блізу населенага пункта Снежнае. Паводле следчай групы, пускавая ўстаноўка "Бук", з якой быў збіты самалёт, была дастаўленая ва Украіну з Расіі.

Ад дня трагічнай падзеі расійскія СМІ неаднаразова ставілі пад сумнеў вынікі афіцыйнага расследавання прычын трагедыі, якая забрала жыцці 298 чалавек. Служба маніторынгу Бі-бі-сі прасачыла за тым, як мяняліся версіі катастрофы ў інтэрпрэтацыі расійскіх СМІ.

Іспанскі дыспетчар і ўкраінскі ваенны самалёт

У першыя гадзіны расійскія СМІ аспрэчваюць магчымасць датычнасці да катастрофы данецкіх сепаратыстаў. Позна ўвечары 17 ліпеня рускамоўны сайт тэлеканала RT публікуе твіт "іспанскага дыспетчара" ў Кіеве аб тым, што за некалькі хвілін да крушэння "Боінга" побач з ім былі заўважаныя ўкраінскія ваенныя самалёты. Паведамленне неўзабаве падхоплівае тэлеканал "Расія-24", а таксама шэраг інтэрнэт-выданняў. Неўзабаве твітар-акаўнт "дыспетчара" прызнаны фэйкавым і заблакаваны.

Цэль — самалёт Уладзіміра Пуціна

Увечары расійскія СМІ паведамляюць, што імавернай мэтай тых, хто збіў “Боінг”, быў борт нумар адзін прэзідэнта Расіі, які вяртаўся з лацінаамерыканскага турнэ. Праз некалькі дзён гэтая версія сыходзіць на другі план, саступіўшы месца афіцыйным заявам мінабароны Расіі.

Знікаючы "Бук"

21 ліпеня расійскія дзяржаўныя тэлеканалы гавораць, што, паводле дадзеных расійскіх вайскоўцаў, групоўка ўкраінскіх зенітных комплексаў "Бук" напярэдадні трагедыі з'явілася ў Данецкай вобласці і неўзабаве пасля яе… кудысьці знікла.

Сенсацыйны здымак

14 лістапада ў распараджэнні Першага канала нібыта апынуўся “сенсацыйны здымак, меркавана зроблены замежным спадарожнікам-шпіёнам ў апошнія секунды палёту малайзійскага "Боінга". На фатаграфіі нібыта бачны пуск ракеты са знішчальніка МіГ-29 у напрамку "Боінга".

Бомба на борце

29 ліпеня тэлеканал LifeNews прапануе новую тэорыю аб прычынах падзення лайнера. Згодна з гэтай версіяй, 17 лiпеня 2014 года на борце "Боінга" выбухнула бомба.

Састарэлы "Бук"

13 кастрычніка Рада Бяспекі Нідэрландаў публікуе фінальную справаздачу па выніках расследавання прычын катастрофы. У ёй гаворыцца, што авіялайнер быў збіты ракетай, запушчанай з вырабленага ў Расіі "Бука".

Каментуючы даклад, расійскія СМІ спасылаюцца не на нідэрландскіх экспертаў, а на спецыялістаў канцэрна "Алмаз-Антэй", які з'яўляецца распрацоўшчыкам "Бука". Згодна з іх версіяй, малайзійскі лайнер сапраўды быў збіты "Букам", але не сучаснай мадэлі, а састарэлай, якая знаходзіцца і на ўзбраенні Украіны.


28 верасня — пасля публікацыі даклада аб крушэнні "Боінга" — афіцыйны каментарый з гэтай нагоды зрабіла прадстаўніка МЗС Расіі Марыя Захарава.

"Высновы галандскай пракуратуры пацвярджаюць тое, што следства перадузятае і палітычна матываванае", — перадае словы спікера замежнапалітычнага ведамства Lenta.ru.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі