Як кіраўнік краіны працаўладкоўвае былых дэпутатаў

Як кіраўнік краіны працаўладкоўвае былых дэпутатаў

У кіраўніка Беларусі здаўна асаблівае сентыментальна-пяшчотнае стаўленне да свайго парламента. Яго можна апісаць адным сказам, які прагучаў падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Авальнай зале ў Пасланні парламенту і народу 21 красавіка: “Вы ўсе мае людзі, мае дзеці, і я буду вас падтрымліваць усяляк”.

11 верасня выбары новага парламента. Пра што ў такі момант “заканчэння кантракту” людзі звычайна думаюць? Правільна: "Дзе я буду працаваць?"

Але і на гэтае пытанне ў кіраўніка краіны ёсць традыцыйны адказ. Частцы дэпутатаў, а калі дакладна, 30%, ён прапануе пераабрацца на наступны тэрмін, астатніх “найбольш здольных, прафесійна адораных” абяцае “прыцягваць у народную гаспадарку, у органы кіравання”.

Ці складуць нейкія спісы тых, хто абавязкова мусіць ізноў атрымаць дэпутацкі мандат, цікаўлюся ў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

“Я думаю, што ў нетрах парламента вядуцца кансультацыі: хто з дэпутатаў пойдзе на другі ці на трэці тэрмін. Зыходзячы з гэтага прапановы, мяркую, па выбарчых акругах будуць прадстаўленыя мясцовым уладам і будзе арганізаваная на месцах падтрымка працоўнымі калектывамі ў фармаванні ініцыятыўных груп”, — тлумачыць мне Лідзія Ярмошына.

Размова з Лідзіяй Ярмошынай была 21 красавіка, праз месяц спрабую даведацца ў дэпутатаў, чым скончыліся кансультацыі. Спецыяльна выбіраю самых актыўных з тых, хто ў “народных абранніках” першы раз. Па маіх назіраннях, гэта Вольга Палітыка, Віктар Валюшыцкі, Валерый Барадзеня. Вольга Палітыка дык і ўвогуле вельмі зубасты дэпутат, быццам не ў беларускім парламенце працуе!

Віктар Валюшыцкі: “Са мной не было ніякіх кансультацый. Кожны прымае рашэнне самастойна”.

Вольга Палітыка: “Часта мусіруецца гэта: спісы, усё ўжо прадвызначана! У мяне асабіста ніхто пра маё хачу-не хачу не пытаўся, я пайду, калі мяне падтрымаюць працоўныя калектывы, што вылучалі мяне на першы тэрмін. Я з імі рэгулярна сустракаюся і, калі буду адчуваць падтрымку, то, канечне, я пастараюся іх давер апраўдаць”.

Валерый Барадзеня: “Я вяду свае кансультацыі найперш у выбарчай акрузе і калі буду разумець, што падтрымка будзе, то, можа, і прыму такое для сябе рашэнне”.

Дарэчы, такое ж пажаданне наконт 30% выказваў кіраўнік і ў 2012 годзе. Звяраю спісы: са 110 дэпутатаў у парламент наступнага склікання перайшло толькі 17 чалавек — нават да 20% не дацягнулі…

А як выконваецца другое пажаданне кіраўніка краіны — пра адпаведнае здольнасцям працаўладкаванне экс-дэпутатаў?

Уладзімір Здановіч уваходзіць у пяцёрку дэпутатаў, што пераабіраліся тройчы: ён быў у складзе парламента II, III i IV склікання. Памятаю, што пасля сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў у Здановіча, які прыйшоў у парламент з пасады дырэктара гімназіі Драгічына, былі праблемы з працаўладкаваннем: даводзілася перабівацца невялікім заробкам, чытаючы лекцыі ў адной са сталічных ВНУ.

“Быў перыяд чакання проста прызначэння на пасаду, — вясёлым голасам расказвае мне былы дэпутат. — А цяпер я кіраўнік Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі”.

Добра ўладкавала дзяржава і яшчэ аднаго дэпутата-старажыла — Сяргея Сямашку. У 2000 годзе ў парламент балатаваўся намеснік начальніка дыстанцыі пуці па кадрам і быце Віцебскай дыстанцыі пуці Белчыгункі, а цяпер ён — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Мінэнерга.

Ларыса Вершаловіч абіралася дэпутатам два разы. Па заканчэнні паўнамоцтваў, кажа, прапаноўвалі добрую пасаду, але выбрала пенсію.

Двойчы быў дэпутатам Алег Вялічка. Цяпер ён працуе галоўным доктарам Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Цікава, што ў дэпутаты ён прыйшоў з пасады галоўнага доктара Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай дапамогі.

А вось Аляксандра Зазулю, дэпутата парламента IV i V скліканняў, працаўладкавалі, не дачакаўшыся заканчэння яго дэпутацкіх паўнамоцтваў: цяпер ён і дэпутат, і старшыня Кобрынскага райвыканкама.

Пералічваць можна доўга, але сапраўды: па заканчэнні паўнамоцтваў экс-дэпутаты альбо сыходзяць на пенсію, альбо нядрэнна працаўладкоўваюцца. Не міністрамі і нават не іх намеснікамі, але і на біржу працы па дапамогу не звяртаюцца.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі