Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: Хочацца ўжо нечага новага!

120713 Luka6uk Deputaty.mp3

“У парламенце павінна быць пераемнасць”, — папярэджваў дэпутатаў некалькі месяцаў таму кіраўнік краіны. Нехта ж павінен увесці “маладых” парламентарыяў у курс справы. Але знайсці жадаючых апынулася задачай не лёгкай. Не хочуць дэпутаты працягваць гэтую кар’еру!


У сярэдзіне лютага старшыня Камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Алег Вялічка казаў Еўрарадыё: пойдзе на трэці тэрмін, калі выбаршчыкі папросяць. Зараз прызнаецца: больш не хоча быць дэпутатам.


Алег Вялічка: “Свае дэпутацкія паўнамоцтвы буду заканчваць. Дастаткова — я восем гадоў адпрацаваў, добрасумленна стараўся працаваць. Хочацца ўжо нечага новага!”


А новае, атрымліваецца, гэта добра забытае старое. Бо хоча Алег Вялічка ізноў вярнуцца ў медыцыну, якой аддаў большую частку жыцця, і... у мясцовыя саветы. Калісьці быў дэпутатам аблсавета і не выключае, што праз два гады ізноў туды будзе абірацца. Бо былых палітыкаў, маўляў, не бывае.


Чакаў хадакоў з народа і намеснік старшыні Камісіі па правах чалавека і СМІ Анатоль Глаз. Прызнаецца: дачакаўся, прасілі абірацца на другі тэрмін. Падумаў і адмовіўся. Больш за тое, увогуле вырашыў завязаць з палітыкай. Ніколі не здагадаецеся — чаму.


Анатоль Глаз: “Палітык з мяне слабы. Я вельмі адкрыты і сумленны. А палітыка — гэта справа такая, дзе трэба... Я буду працаваць лепш з людзьмі”.


Зараз Глаз працуе ва ўніверсітэце. Магчыма, зоймецца выкладаннем больш шчыльна.


Пра тое, што “двух дэпутацкіх тэрмінаў” з яго хопіць, кажа Уладзімір Майсюк.


Уладзімір Майсюк: “Дзякуй, я ўжо — не, нават не буду спрабаваць. Ну, 62 гады і ўжо два разы пабыў — шчыра кажучы, ужо неяк і няёмка”.


У тым, што “двух тэрмінаў для яе дастаткова”, прызнаецца Еўрарадыё і народная абранніца Ларыса Вершаловіч. Развіваць турызм у Ашмянскім раёне, а не засядаць у сталіцы хоча сябра Камісіі па міжнародных справах Валянціна Лузіна.


Не хоча больш быць дэпутатам і намеснік старшыні Камісіі па аграрных пытаннях Уладзімір Маёраў.


Уладзімір Маёраў: “Я не буду ўдзельнічаць у выбарах — буду працаваць на іншай ніве. Пакуль не ведаю, на якой. Але тое, што працаваць буду, — гэта адназначна”.


А вось старшыня Камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігнацій Місурагін на пытанне, ці будзе ён браць удзел у парламенцкіх выбарах, адказвае, што... не валодае сітуацыяй!


Ігнацій Місурагін: “Я не валодаю сітуацыяй. Я зараз працую над іншымі праблемамі, таму не магу вам нічога адказаць”.

Нагадаю, хоць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе цягнуцца ад 15 ліпеня да 13 жніўня, але заявы аб рэгістрацыі іх ініцыятыўных груп Цэнтравыбаркам прымае толькі да 19 ліпеня.


Бальзам на душу праліла дэпутат Валянціна Леаненка — гатова ісці на другі тэрмін. Чакае толькі зацвярджэння сваёй кандыдатуры на з’ездзе КПБ.


Валянціна Леаненка: “Унутранае рашэнне такое ёсць, але канчаткова ўсё будзе вырашацца 21 ліпеня на з’ездзе партыі”.


Што тычыцца таго, што спісы будучых дэпутатаў ужо складзеныя і сённяшнім дэпутатам паведамілі, хто застаецца, а хто мусіць шукаць сабе іншую працу, Валянціна Лузіна ўпэўнівае: такога не было. А Валянціна Леаненка дадае: кожны сам вырашаў, што рабіць. Маўляў, у кагосьці жыццёвыя планы памяняліся, хтосьці хоча больш увагі ўдзяляць сям’і ці састарэлым бацькам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі