Вы тут

Як беларусам, што ўцяклі ад вайны ва Украіне, застацца ў Польшчы

Сотні тысяч людзей збеглі ад вайны з Украіны за апошнія два тыдні / Еўрарадыё

Беларусы, вымушаныя бегчы ад вайны ва Украіне ў Польшчу без шэнгенскай або польскай нацыянальнай візы, аказаліся ў непростай сітуацыі.  Падставай для іх уезду была згода каменданта памежнай службы. Для беларусаў яна дзейнічае толькі 15 дзён.

Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС) расказвае, якія магчымасці ёсць у беларусаў усё ж застацца ў Польшчы.

Першы варыянт — крыху пачакаць. ЦБС сумесна з офісам Святланы Ціханоўскай цяпер шукаюць спосабы вырашыць праблему. Юрысты, якія займаюцца праблемай, прапануюць польскім уладам два магчымыя варыянты: альбо падоўжыць тэрмін знаходжання да 60 дзён, альбо падвесці гэтую сітуацыю пад антыкавідны закон, які "прадугледжвае магчымасць легалізацыі свайго знаходжання да заканчэння рэжыму эпідэміі + 30 дзён".

Прапановы ўжо накіраваныя ў Міністэрствы замежных і ўнутраных спраў, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта Польшчы. Адначасова ў ЦБС працуюць над тым, каб для беларусаў, якія застануцца ў гэтых умовах у Польшчы звыш 15 дазволеных дзён, не было наступстваў.

У ЦБС таксама нагадалі, што дзень перасячэння мяжы не ўваходзіць у 15-ці дзённы тэрмін. Такім чынам, калі чалавек заехаў з Украіны ў Польшчу на падставе згоды каменданта памежнай службы 24 лютага 2022 года, то дазволены тэрмін яго знаходжання заканчваецца 11 сакавіка.

Пакуль няма афіцыйнага рашэння, у беларусаў ёсць дзве магчымасці легальна застацца ў краіне: паспрабаваць атрымаць статус бежанца альбо від на жыхарства ў Польшчы.

Падаць прашэнне пра міжнародную абарону могуць тыя, каму ў Беларусі пагражае пераслед па палітычных матывах. Прычым прасіць пра статус бежанца можна ў любы момант — нават па заканчэнні дазволеных 15 дзён знаходжання. Падаць заяву можна ў Варшаве, а можна ў любым пункце памежнай службы. Падрабязную інфармацыю пра працэдуру атрымання статусу міжнароднай абароны можна знайсці тут.

Для атрымання віду на жыхарства трэба звярнуцца ў мясцовае ваяводскае ўпраўленне. Але для гэтага патрэбныя падставы: ўз'яднанне з членам сям'і, праца, навучанне, якое доўжыцца больш, чым 3 месяцы, і гэтак далей. Від на жыхарства можа быць выдадзены і ў сувязі з іншымі абставінамі, але іх трэба аргументаваць і абгрунтаваць неабходнасць знаходжання ў Польшчы.

Юрысты Цэнтра беларускай салідарнасці гатовыя бясплатна пракансультаваць усіх, каму патрэбная дапамога. Звязацца з імі можна праз інфалінію ў телеграм www.t.me/CBShelp

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.