Як Алег Табакоў стаў хросным бацькам Свабоднага тэатра. Аповед Мікалая Халезіна

Алег Табакоў. Фота: НТВ
Алег Табакоў. Фота: НТВ

12 сакавіка 2018 года ў Маскве на 83-м годзе жыцця памёр актор і рэжысёр Алег Табакоў. Многія гады ён прысвяціў МХТ імя Чэхава — узначаліў тэатр у 2000-м, і за некалькі гадоў ператварыў яго ў адну з галоўных сцэнічных пляцовак Расіі.

Адзін з заснавальнікаў Свабоднага тэатра, драматург Мікалай Халезін прыгадвае, як яшчэ дзіцем пазнаёміўся з "Алегам Палычам", а праз 27 прадаў яму сваю п'есу. Тады ён і атрымаў "самы высокі ў Расіі ганарар", на які, уласна, і быў створаны Свабодны тэатр.

Как Олег Табаков стал крёстным отцом Свободного театра. История Николая Халезина

Сёння той выпадак, калі я не маю права не напісаць — пайшоў з жыцця Алег Палыч Табакоў. Так, менавіта так — Алег Палыч, а не Паўлавіч. Так яго звалі акцёры, студэнты, калегі, падначаленыя...

Я пазнаёміўся з ім у 1977 годзе, у Екацярынбургу, тады Свярдлоўску, дзе летам быў з татам на гастролях. Убачыў яго ў фае гасцініцы "Вялікай Урал" [Мікалаю Халезіну было 13 гадоў. — Еўрарадыё] і аслупянеў. Дзіўная харызма — нейкая неверагодная энергетыка. Пазней, ужо дарослым, я бачыў яго ў спектаклях і заўсёды дзівіўся гэтай яго якасці: дастаткова было проста з'явіцца на сцэне, і глядач прыкоўваў позірк толькі да яго, нібы іншых актораў і не існавала. Але акторам ён быў найвышэйшай пробы, а таму не прыватызаваў увагу залы, раздаючы, пасуючы акторам магчымасць заставацца ў гульні.

Калі сказаў тату, што толькі што бачыў "жывога Табакова", ён, знаёмы з сотнямі зорак першай велічыні, толькі спытаў: "Хочаш аўтограф?". Я адказаў "так", але прыродная нясмеласць настойліва штурхала да "не". Тата тут жа падышоў да стойкі рэцэпцыі, перакінуўся парай словаў з адміністратарам, даў мне дробязь і сказаў: "Ідзі купі паштоўку; а потым у нумар 305". Я пабег да кіёска, купіў паштоўку, а потым вярнуўся ў фае гатэля. Але таты там не было — ён сышоў у нумар, "працуючы" над маёй самастойнасцю. Я падняўся на трэці паверх, без цяжкасці знайшоў 305-ы нумар і замёр перад ім, не ў сілах перасіліць сябе і пастукаць. Потым набраў паветра і два разы стукнуў у дзверы. Праз імгненне дзверы адчыніліся, і на парозе стаяў Алег Палыч у белых майтках. Ён гучна спытаў: "Чаго жадаеце, малады чалавек?". Я засмяяўся. Праз хвіліну мы ўжо сядзелі з ім за сталом і пілі гарбату з печывам. Ён распытваў мяне і нешта расказваў пра сябе. Праз паўгадзіны я ўзяў у яго аўтограф і сышоў.

Праз 27 гадоў я распавядаў яму гэтую гісторыю ў кабінеце мастацкага кіраўніка МХТ ім. Чэхава, у кампаніі Наташы — і мы зноў рагаталі. У гэты кабінет я трапіў пасля аднаго са "званкоў шчасця", што рэгулярна здараюцца ў жыцці.

Спачатку адзін такі званок раздаўся, і я пачуў вельмі знаёмы голас — гэта быў Алег Меньшыкаў. Ён спытаў, ці магу я аддаць яму ў працу п'есу "Я прыйшоў", якая да таго часу назбірала велізарны букет прызоў на драматургічных конкурсах. Я адказаў згодай, і мы паляцелі ў Маскву, каб павырашаць на месцы ўмовы. У нас была выдатная сустрэча, на якой Алег сыпаў цытатамі з п'есы, і мы пілі гарэлку, закусваючы карамеллю, бо нічога іншага пад рукой не было. Потым я вярнуўся ў Мінск, і праз тыдзень дома пачуўся яшчэ адзін тэлефонны званок.

Как Олег Табаков стал крёстным отцом Свободного театра. История Николая Халезина
Алег Табакоў. Фота РІА "Новости".

У слухаўцы гучаў голас, які не зблытаць ні з кім — менавіта так гучыць голас знакамітага ката з "Прастаквашына". Алег Палыч звярнуўся да мяне з той жа просьбай — прадаць правы на п'есу. Я сказаў, што для мня гэта вельмі пахвальна, але, на жаль, "она другому отдана и будет век ему верна". Палыч зайшоў у лабавую атаку і сказаў: "Ты разумееш, што гэта МХТ? Я дам табе найлепшы кастынг і самы высокі ў Расіі ганарар". Я зноў адказаў адмовай, бо не прывык раскідвацца словамі. Тады ён папрасіў прыехаць і пагаварыць на месцы і з ім, і з Алегам, а ён таксама звяжацца з Меньшыкавым і перагаворыць з ім. Мы зноў паехалі ў Маскву.

У выніку я прадаў п'есу МХТ за самы высокі ганарар у гісторыі расійскага тэатра. Але справа была не ў грашах. Проста Алег на той момант заключыў тры кантракты на здымкі, і стала відавочна, што галоўную ролю ў п'есе ён сыграць не зможа. Ён і сказаў: "Ведаеш, аддай п'есу Палычу — такі шанец выпадае аднаму драматургу на тысячу, а я ў гэтым годзе ўсё роўна не змагу заняцца тэатральным праектам. А далей што-небудзь іншае прыдумаем". Іншага мы не прыдумалі, а МХТ атрымаў запаветную п'есу.

Мы сядзелі ў кабінеце ў Алега Палыча, балбочучы пра нешта. Здавалася, што ён толькі і займаецца тым, што бесклапотна балбоча з усімі гадзіны напралёт. Гэта, вядома, была ілюзія — ён быў менеджарам вышэйшай лігі. І не расійскай, а сусветнай. З МХАТа, які знаходзіцца ў перманентным крызісе, ён стварыў самую магутную тэатральную структуру ў Расіі з самымі высокімі заробкамі акцёраў і практычна са стоадсоткавай наведвальнасцю. Пры гэтым, дабіўшыся права быць адзіным тэатральным кіраўніком у краіне, падпісвае кантракт не з міністрам культуры, а з прэм'ер-міністрам РФ. У той дзень ён дастаў з сейфа "цагліну" з банкнотамі, запакаваную ў банкаўскі цэлафан, і сказаў: "Унізе наш банк — памяняй там на амерыканскія, табе ж рускія ні да чаго".

Потым мы з Наташай ехалі ў цягніку, пілі віно і вырашылі, што калі ўжо мне выпаў такі латарэйны білет, то трэба зрабіць нешта і для іншых беларускіх драматургаў. Так нарадзіўся Міжнародны драматургічны конкурс "Свабодны тэатр", а з яго — і знакаміты цяпер у свеце тэатральны калектыў. І пайшла на гэта не частка таго ганарару, а ён увесь, цалкам. Так і атрымалася, што адным з "хросных бацькаў" гэтага тэатра стаў Алег Палыч Табакоў.

Мы бачыліся з ім яшчэ шмат разоў, і заўсёды ўражвалі яго абыходлівасць і ўвага да суразмоўцы. Прычым абсалютна шчырыя — без ценю акторскай наігранасці. Напэўна, таму яму ўдалося выхаваць плеяду такіх магутных актораў і рэжысёраў. А ўжо кім яны сталі як грамадзяне, гэта іншая размова, і гэта іх персанальная адказнасць.

R.I.P.

Тэкст апублікаваны са згоды аўтара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі