Стэфановіч: магчымасць дыялогу з рэжымам пакуль не праглядаецца

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч / LookByMedia

Ціск ці перамовы? Дыскусія пра падыходы да спробаў дамагчыся зменаў у Беларусі з кожным годам набірае абароты. Некаторыя, напрыклад Павел Латушка, настойваюць на неабходнасці надалей ціснуць на рэжым Лукашэнкі. Іншыя — тая ж Марыя Калеснікава лічаць, што з уладамі трэба дамаўляцца і, магчыма, здымаць частку санкцый.

На якім баку ў гэтых дыскусіях экс-палівязень і праваабаронца Валянцін Стэфановіч? Зміцер Лукашук запытаў яго пра гэта падчас эфіру на Еўрарадыё.

"Я, напэўна, тут бы не сядзеў, калі б гэтых санкцый не было. Таму што я не думаю, што вызваленне часткі палітычных зняволеных — гэта была, так скажам, жэстам добрай волі, гуманізму і сапраўды жаданнем нейкага грамадскага дыялогу ўнутры краіны.

Гэтага дыялогу няма і не праглядаецца такая пакуль што магчымасць. І я лічу, што пакуль ёсць палітычныя зняволены, наяўнасць санкцый абгрунтаваная".

Глебай для дыялогу, на думку Стэфановіча, было б вызваленне палітвязняў і мараторый на новы пераслед.

"Таму што, што мы бачым зараз у Беларусі, то што нас вызвалі — на наша месца пасадзілі яшчэ там, груба кажучы, там 3-5 чалавек. Гэта такі бясконцы працэс і пытанне вызвалення палітвязняў з'яўляецца актуальным заўсёды.

Беларускія ўлады проста і не хочуць дэманстраваць нейкага прагрэсу ў сферы правоў чалавека. З якой нагоды тады мы можам дыскутаваць наконт зняцця санкцый? Тым больш у кантэксце яшчэ і вайны, гэта ўвогуле асобная тэма".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.