Яцэк Пратасевіч: Еўрасаюз не разумее адносін унутры беларускай апазіцыі

Савет Міністраў ЕС 25 кастрычніка працягнуў і адначасова замарозіў санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Як вы ацэніце гэтае рашэнне?

Еўрасаюз выкарыстоўвае даступныя яму захады, каб паказаць, што змены ў Беларусі не дастатковыя. Гэта асабліва тычыцца права на свабоду сходаў і асацыяцый, стандартаў правядзення выбараў.

Шэраг экспертаў і апазіцыйных палітыкаў палічылі візіт Далі Грыбаўскайтэ ў Беларусь жэстам падтрымкі Лукашэнкі. Тое самае тычыцца візіту міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага…

Я не лічу, што афіцыйныя візіты ладзяцца з мэтай падтрымаць кагосьці, у тым ліку Лукашэнку. Наведванне Беларусі – частка палітыкі набліжэння Еўрасаюза з Беларуссю, якая ў 2008 годзе замяніла палітыку ізаляцыі. Праз сустрэчы заходнія палітыкі даносяць беларускім чыноўнікам прапанову, альтэрнатыўную сама-ізаляцыі і недэмакратычнаму развіццю. Але рашэнне адносна шляху развіцця ў руках самой Беларусі – як яе ўладаў, так і грамадзян.

Як сёння выглядае сітуацыя вакол Парламенцкай асамблеі Еўранэст?

Пакуль сітуацыя тупіковая і рашэння няма. Пазіцыя палітычнай групы, якую прадстаўляю я – Еўрапейскай народнай партыі [самая вялікая палітычная група ў Еўрапраламенце – заўвага Еўрарадыё] – ясная. Мы лічым непрымальным у Еўранэсце ўдзел беларускага парламента, бо ён не прызнаецца міжнароднай супольнасцю дэмакратычна абраным.

Тым часам дыскусія з нашымі партнёрамі – прадстаўнікамі парламентаў іншых краін Усходняга Партнёрства – працягваецца. І некаторыя з іх спрабуюць пераканаць нас змяніць сваю пазіцыю. Але шанцаў на гэта няма. Таму, верагодна, ці хутка мы пачнём без тых, хто не раздзяляе погляд Еўрапарламента, ці запуск Еўранэста будзе адкладзены надалей.

Маецца на ўвазе, што, напрыклад, беларускі і грузінскі парламент будуць фактычна выключаныя з Еўранэста?

Гаворка не пра выключэнне пэўнага парламента і яго дэпутатаў. Па-просту некаторыя дэлегацыі могуць не аб'явіцца на першай сесіі Еўранэста. Прыйсці і прыняць удзел – рашэнне кожнага асобнага парламента. Але, паўтаруся, канчатковага рашэння яшчэ няма, разглядаюцца розныя варыянты. У тым ліку, пачаць з працы спецыяльнай працоўнай групы.

Як у Еўрапарламенце паставіліся да рашэння Аляксандра Мілінкевіча не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?

Ён праінфармаваў нас у лісце пра прычыны свайго рашэння. Галоўная з іх – вельмі малы, калі ён увогуле ёсць, шанец на правядзенне ў краіне свабодных і справядлівых выбараў. Я магу зразумець гэта – калі адсутнічаюць магчымасці для справядлівага і адкрытага выбарчага працэсу, то гэта не сапраўдная палітычная барацьба, а нешта кшталту гульні. Іншыя прадстаўнікі апазіцыі абралі іншы падыход. Якая стратэгія падаецца лепшай – будзе бачна бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў.

Які з прэтэндэнтаў у прэзідэнты, апанентаў Лукашэнкі, найбольш вядомы ў Еўрапарламенце і Еўрасаюзе ў цэлым?

Раней у Еўрапарламенце былі пазнавальныя два імёны: Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін. Першы – былы кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі і лаўрэат прэміі Еўрапарламента імя Сахарава. Другі – вядомы сваёй мужнай пазіцыяй і доўгім зняволеннем, ён таксама быў кандыдатам на прэмію Сахарава ў 2008 годзе.

Большасць цяперашніх кандыдатаў, калі не сказаць усе з іх, хутчэй невядомыя. Вынікі выбараў пакажуць, ці нехта з іх у стане атрымаць значную падтрымку грамадзян і стаць больш пазнавальным у Еўрасаюзе і Еўрапарламенце.

Некаторыя з кандыдатаў вядомыя ў пэўных палітычных групах. Напрыклад, Яраслаў Раманчук – у групе кансерватараў, па запрашэнні якой ён нядаўна прыязджаў у Еўрапарламент.

Наколькі вялікую ўвагу Еўрапарламент цяпер надзяляе Беларусі?


Трэба мець на ўвазе, што Еўрапарламент – орган, які вядзе глабальную дзейнасць. І тая вельмі ўдалая і станоўчая сітуацыя пяцігадовай даўніны ў палітычным жыцці не працягваецца доўга. Гаворка пра ўвагу Еўрапарламента да Беларусі ў 2005 годзе, у асноўным дзякуючы пазіцыі польскіх еўрадэпутатаў, але не толькі.

Грамадзяне Беларусі і лідары апазіцыі павінны разумець, што пастаянна прыцягваць увагу Еўрасаюза да Беларусі вельмі няпроста. І калі яны маюць пэўны давер, то не павінны губляць яго праз унутраны разлад, а часам сваркі паміж сабой. Такія адносіны ў апазіцыі не разумеюцца ні Еўрапарламентам, ні Еўрасаюзам у цэлым.

Найбольш важнае – быць аб'яднанымі і мець вельмі ясную стратэгію, чым быць раз'яднанымі. Спрачацца палітычным сілам адно з адным па розных пытаннях – нармальная штодзённая практыка ў дэмакратычных краінах. Але не для Беларусі.

У 1980-ыя гады ў Польшчы, у часы "Салідарнасці", палітычныя групы з рознымі ідэалогіямі былі аб'яднаныя вакол аднаго лозунга, аднаго брэнда, аднаго найбольш вядомага за мяжой лідара. І дзякуючы гэтаму, ім было куды прасцей атрымаць міжнародную падтрымку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі