Вы тут

“Я загада не бачыла”: ці звольнілі мацерную прэс-сакратарку Мінсельгасхарча?

Зінаіда Берашчэнка, Фэйсбук

З сайта Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання зніклі імя і прозвішча  прэс-сакратаркі Зінаіды Берашчэнка. На мінулым тыдні жанчына трапіла ў скандал, калі па тэлефоне абклала мацюкамі журналіста “Нашай Нівы”.

Згадка пра Берашчэнка знікла з сайта міністэрства не пазней за раніцу 19 ліпеня. Цяпер у раздзеле “Прэс-цэнтр” напісана проста: прэс-сакратар. Раней там было яе імя і прозвішча.

Па тэлефоне прэс-службы ніхто не адказвае. У прыёмнай міністра Еўрарадыё параілі спрабаваць тэлефанаваць далей. Маўляў, Зінаіда Берашчэнка не ў адпачынку, таму мусіць быць на месцы. Хаця сёння яе на працоўным месцы і не бачылі.

Пытаем наўпрост: ці звольнілі скандальную прэс-сакратарку?

“Я не магу сказаць. Я загада [пра звальненне. — Еўрарадыё] не бачыла”, — адказваюць у прыёмнай.   

На наступны дзень пасля публікацыі мацернай размовы ў СМІ Зінаіда Берашчэнка выбачылася за сваю эмацыйнасць перад журналістам у сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”. Тым не менш рэдакцыя “Нашай Нівы” звярнулася да міністра сельскай гаспадаркі Анатоля Хацько з просьбай, каб ён прыцягнуў сваю падначаленую да дысцыплінарнай адказнасці і не працягваў з ёй працоўны кантракт.

Колішні калега Зінаіды Берашчэнка распавёў, што яна прыйшла працаваць у Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўлетку 2014 года, гэта значыць якраз зараз у яе мусіць скончыцца пяцігадовы кантракт.