“Я табе фалафель, ты мне подпіс”, — анархісты распавялі пра “прыгоды” за кратамі

“Я табе фалафель, ты мне подпіс”, — анархісты распавялі пра “прыгоды” за кратамі

Мінскіх анархістаў Змітра Паліенку, Яўгена Чуліцкага і Насту Гусеву затрымалі раніцай 21 студзеня. Іх падазраюць у стварэнні антыміліцэйскага графіці на Партызанскім праспекце ў Мінску. Супраць маладых людзей распачатая справа па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці).

Праз 72 гадзіны затрыманых адпусцілі з міліцыі. Яны распавялі Еўрарадыё, як гэта было.

Затрыманне

У дзверы былога палітвязня Змітра Паліенкі на вуліцы Ангарскай пагрукалі каля васьмі гадзін раніцы 21 студзеня. Той адмовіўся адчыняць, тады звонку прыгразілі выбіць дзверы. Амаль адразу, як замок быў адчынены, у кватэру ўвайшлі людзі ў бронекамізэльках са зброяй у руках. Далей — як у бюджэтным кіно.

“Як толькі яны апынуліся ў кватэры, адразу пачалі крычаць, каб усе клаліся на падлогу, рукі за спіну і гэтак далей, — распавядае Паліенка. — Напужаць мяне не атрымалася, я пачаў пытацца, хто яны і што яны тут робяць. Высветлілася, што крымінальны вышук. Мне і Насце Гусавай, якая таксама была ў кватэры, сказалі збіраць рэчы, бо нас затрымліваюць”

“Я табе фалафель, ты мне подпіс”, — анархісты распавялі пра “прыгоды” за кратамі

Паралельна каля 9 гадзін раніцы сілавікі прыйшлі і ў кватэру сябра анархісцкага руху Яўгена Чуліцкага. У пад’езд і ў кватэру яны зайшлі следам за маці анархіста, якая жыве там жа. Як прызнаецца Яўген, ён прачнуўся ад таго, што яго спрабаваў разбудзіць незнаёмы мужчына, які апынуўся супрацоўнікам крымінальнага вышуку.

Вобшукі

Адразу ж у кватэры пачаўся вобшук. Анархіст кажа, што яго маці спрабавала зрабіць міліцыянтам заўвагу з-за таго, што яны паводзілі сабе непаважліва: рэчы проста кідалі на падлогу, а мэблю ламалі.

У хлопца канфіскавалі ўсю тэхніку, нават старыя тэлефоны, якія не працуюць. А ўжо ў пад’ездзе на яго надзелі кайданкі.

“Я табе фалафель, ты мне подпіс”, — анархісты распавялі пра “прыгоды” за кратамі

Вобшук у кватэры Паліенкі пачаўся пасля таго, як яго і Гусеву забралі ў пастарунак:

“Былі зламаныя нават сцены, не тое што шафы ці канапа. Стаяў поўны разгром, нібыта ўраган прайшоўся. Каб навесці хоць нейкі парадак, давялося патраціць некалькі гадзін. Тое-сёе адрамантаваць немагчыма.

Канфіскавалі шмат рэчаў, якія нават не мелі аніякага дачынення да гэтай крымінальнай справы, кшталту банераў і лістоў ад зняволеных. Навошта ім гэта патрэбна, я дагэтуль не разумею. Але галоўнае, што ў мяне зніклі грошы з гаманца, 370 рублёў і стодоларавая купюра. З гэтай нагоды я збіраюся найбліжэйшым часам звярнуцца ў пракуратуру”.

Вобшукаў не было толькі па месцы жыхарства Гусевай — дзяўчына жыве ў інтэрнаце.

“Я табе фалафель, ты мне подпіс”, — анархісты распавялі пра “прыгоды” за кратамі

“Ты ў мяне на бутэльцы скакаць будзеш!”

Далейшыя “прыгоды” затрыманых анархістаў адбываліся ў гарадскім аддзеле міліцыі і ізалятары часовага ўтрымання на 1-м завулку Акрэсціна.

“Калі нас з Настай павезлі ў ГАМ на вуліцы Ангарскай, месца мне чамусьці не хапіла. Усю дарогу мне прыйшлося ехаць, стоячы на каленях і апусціўшы галаву. Як толькі я спрабаваў варухнуцца ці сесці крыху зручней, мяне адразу білі, хоць і не моцна, і пагражалі: “Мы табе зараз абасцым галаву!” ці “Ты ў мяне на бутэльцы скакаць будзеш!”. Я імкнуўся не правакаваць сітуацыю”.

У ГАМе хлопцаў і дзяўчыну пратрымалі да вечара. Гусева распавяла, што яе з “малпоўніка” не выпускалі ў прыбіральню — давялося спраўляць патрэбы проста ў камеры. У дзяўчыны разбалелася галава, але на просьбы даць таблетку ніхто не рэагаваў.

Нарэшце затрыманых павезлі ў ІЧУ на сталічным завулку Акрэсціна. У аўтазаку анархістам давялося правесці пару гадзін, пакуль міліцыянты збіралі затрыманых з пастарункаў па ўсім горадзе.

“Я табе фалафель, ты мне подпіс”, — анархісты распавялі пра “прыгоды” за кратамі

Каралеўскі фалафель

Наступныя два дні анархісты амаль поўнасцю правялі на допытах у Следчым камітэце. Затрыманых расстаўлялі па розных кутах пакоя. Так, гледзячы ў сцены, яны маглі стаяць па 3-4 гадзіны.

“Падчас допытаў мне ўжо нават было смешна. Следчы мне кажа: “Дзіма, ну вось давай я вазьму табе два каралеўскія фалафелі, а ты паперкі з пакаяннем падпішаш, га?” Вядома, што я пасмяяўся з гэтага, — распавядае Паліенка. — Размаўляць са следчымі я адмовіўся ўвогуле, не казаў нічога”.

Гэтак жа павяла сябе і Гусева. Толькі Яўген Чуліцкі заявіў, што не мае аніякага дачынення да графіці і адзначыў, што ёсць людзі, якія дакажуць, што ён не прысутнічаў падчас стварэння надпісу.

Лінгвістычная экспертыза

Па словах Паліенкі, тэкст графіці адправілі і на лінгвістычную экспертызу:

Мяне здзівіла тое, што экспертыза праводзілася на прадмет распальвання варожасці не толькі да сацыяльнай групы (супрацоўнікі МУС), але і асабіста Ігара Шуневіча. Там [у тэксце экспертызы] фігуравала яго імя. Агулам, ад гэтага зусім не весела, бо ніхто не ведае, як гэтую справу павернуць далей. Па артыкуле 341 нас не могуць адправіць за краты больш як на тры месяцы, а хутчэй за ўсё, гэта ўвогуле будзе штраф. Але нашу справу могуць перакваліфікаваць як заўгодна”.

Прычынай ціску на сябе анархісты лічаць Еўрапейскія гульні, што мусяць адбыцца ўлетку, а таксама парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. На пытанне, ці адчуваюць віну за ўчынак, анархісты ў адзін голас адказваюць, што нічога казаць не будуць. Аде нават калі б графіці пакінулі яны, усё роўна не адчувалі б віны, бо напісанае — праўда.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 28.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі