Я нікога туды не пасылаў — Лукашэнка пра накіраванне ў Сірыю беларускіх ваенных

Аляксандр Лукашэнка / gordonua.com
Аляксандр Лукашэнка / gordonua.com

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў паведамленні пра магчымае накіраванне беларускага вайсковага кантынгенту колькасцю да 200 чалавек у Сірыю. 

Лукашэнка назваў гэтыя паведамленні "чарговым фэйкам".

"Учора чарговы фэйк, што нібыта расійскі ўрад прыняў пастанову ледзь не паслаць нашых вайскоўцаў у Сірыю. Для мяне гэта было навіной. Вы разумееце, што па цяперашніх законах гэта немагчыма без прэзідэнта. Але я нікога туды не пасылаў", — заявіў Лукашэнка падчас пасяджэння Савета Бяспекі.

Паводле яго слоў, гаворка ішла пра гатоўнасць Беларусі "дапамагчы Сірыі дактарамі". Пра гэта, заявіў Лукашэнка, яго прасілі кіраўнік і ўрад Сірыі.

"Я кажу: добра, калі хтосьці захоча паехаць з нашых дактароў, перш за ўсё вайскоўцаў, яны паедуць. Але не цяпер. Таму што у нас сваіх праблем вышэй за дах. Яшчэ гэтая пандэмія так званая не скончылася", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі агенцтва БЕЛТА.

Пра магчымае накіраванне беларускага вайсковага кантынгенту ў Сірыю стала вядома напярэдадні з праекта распараджэння расейскага прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна. У дакуменце даецца даручэнне МЗС і Мінабароны РФ правесці перамовы і падпісаць з Беларуссю пагадненне пра супрацоўніцтва ў "аказанні гуманітарнай дапамогі Сірыі"

У расейскім дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што "беларускі вайсковы кантынгент прыцягваецца да выканання мерапрыемстваў выключна з гуманітарнымі мэтамі па-за зонай баявых дзеянняў". У Сірыі беларусы будуць размяшчацца ў месцах дыслакацыі расійскай авіяцыйнай групы. Акрамя таго, прадугледжваецца, што расейскі бок "на бязвыплатнай аснове" прадаставіць беларусам пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне, узбраенне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі