"Я наседзеўся, але назіраць збоку не магу": анархісты пра рэпрэсіі

Блок анархістаў на акцыі пратэсту ў Мінску
Блок анархістаў на акцыі пратэсту ў Мінску

Маштабамі рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўзроўнем гвалту з боку ўладаў уражаны нават прадстаўнікі руху, які церпіць рэпрэсіі гадамі. Еўрарадыё паразмаўляла з анархістамі і даведалася, як змянілася іх жыццё пасля лета 2020 года і чаму яны працягваюць змагацца, нават калі страшна.
 

6 гадзін на каленях у лесе: як было да 2020 года

Увосень баранавіцкаму анархісту Яўгену давялося з'ехаць з Беларусі. Міліцыя стала ім вельмі цікавіцца. Хоць жыццё беларускіх анархістаў да 2020 года і так была неспакойнае: маглі прыйсці ў любы момант.

Некалькі гадоў да разгрому былі росквітам беларускага анархізму, адзначае суразмоўнік.

— Дзяржава асабліва не звяртала на нас увагі. Бліжэй да выбараў 2010 года ўлады вырашылі, што гэтыя хлопцы небяспечныя і трэба нешта з імі рабіць.

Да 2013 года рух пачаў ачувацца. А ў 2014-м, на фоне Майдана ва Украіне, улады ўзяліся не толькі за анархістаў, але і за футбольных фанатаў, прадстаўнікоў іншых субкультур.

У лепшым выпадку анархісты чакалі, што іх будуць усю ноч збіваць у аддзяленні. У горшым, што да збіцця дададуцца суткі або крымінальная справа.

— У 2018 годзе нашу сустрэчу ў лесе накрывалі са стральбой супрацоўнікі ГУБАЗіКа разам з САХРам. Міколу Дзядка і яшчэ аднаго таварыша збілі. Мы шэсць гадзін стаялі ў часе дажджу на каленях на зямлі. Некаторыя ляжалі ў траве. Праз шэсць гадзін яны проста забралі некалькі кніжак і паехалі.
 

"Каб не палохаць нас, Мікола нават знізіў градус гвалту"

Найлепшы доказ таго, што сёлета сілавікам дазволена рабіць усё, — відэа з "выбачэннямі" Міколы Дзядка, лічыць Яўген.

“Я будто “насиделся”, но наблюдать со стороны не могу”: анархисты о репрессиях
Мікола Дзядок на відэа МУС / spring96.org

— Я ведаю Міколу вельмі даўно. Гэта чалавек, які прайшоў праз шмат жудасных гісторый. Ён упэўнены ў сваіх перакананнях. Не магу нават уявіць, што з ім павінны былі рабіць, каб ён сказаў такое на відэа. Была інфармацыя, як менавіта яго катавалі. Мне здаецца, для таго, каб не палохаць нас на волі, Мікола нават знізіў градус гвалту ў гэтай гісторыі.
 

Сусед нерваваўся і папраўляў балаклаву

У 2020 годзе анархісты сталі актыўна ўдзельнічаць у перадвыбарных акцыях салідарнасці.

“Я будто “насиделся”, но наблюдать со стороны не могу”: анархисты о репрессиях
Яўген з плакатам "Беларуская рулетка" на пікеце ў Баранавічах / vk.com/barankipunx

— Мы прапанавалі мясцоваму штабу Ціханоўскай [у Баранавічах. — Еўрарадыё] сваю апаратуру з умовай, што будзе дадзены свабодны мікрафон і любы чалавек зможа выказацца. Я гаварыў пра самакіраванне і пра тое, што нават у выпадку сумленных выбараў адзін чалавек не вырашыць нашы праблемы. Гэта знаходзіла водгук у людзей. Так што анархісцкі парадак дня цяпер папулярны.

Прамова Яўгена на пікеце Святланы Ціханоўскай

Іншая група анархістаў з Баранавіч правяла несанкцыянаваны пікет 3 жніўня. На наступны дзень да Яўгена ў Мінску ўжо ламалася міліцыя.

Пра 9–11 жніўня яму расказаць асабліва няма чаго. Яго з таварышамі затрымалі 9 жніўня ў адным з двароў недалёка ад цэнтра горада. "Так, пяць хлопцаў, у цёмным адзенні, коратка стрыжаныя", — паведамлялі начальству міліцыянеры. Пасля ўдакладнення прозвішчаў, сказалі: "Ёсць!"

— Адзін супрацоўнік пастаянна нерваваўся і папраўляў балаклаву. Аказалася, што ён сусед аднаго з маіх таварышаў, — успамінае затрыманне анархіст.

У ГАУС кампанію чакала сустрэча са "старымі знаёмымі". Усе атрымалі суткі, нягледзячы на супярэчнасці ў пратаколах.
 

"У нас быў шанс іх даціснуць"

Нечакана 16 жніўня Яўгена з таварышамі адпусцілі.

“Я будто “насиделся”, но наблюдать со стороны не могу”: анархисты о репрессиях
Масавая акцыя пратэсту ў Мінску ў другой палове жніўня / Еўрарадыё

— У краіне павінна было нешта кардынальна памяняцца, раз нас вызвалілі на тыдзень раней. Як я разумею цяпер, у нас былі рэальныя шанцы ў першы тыдзень проста іх даціснуць. Саступкі былі толькі таму, што ўлады былі слабыя. Але людзі разышліся па дамах.

Адразу пасля выхаду з СІЗА Яўген зноў уключыўся ў пратэставы рух у горадзе. Суразмоўнік адзначае, што і мэр Баранавіч, і начальнік міліцыі абяцалі, што рэпрэсій не будзе, калі акцыі будуць насіць мірны характар. Але неўзабаве пратэстоўцам і работнікам прадпрыемстваў, якія баставалі, сталі прыходзіць позвы. Зноў пачаліся затрыманні.

— 23 жніўня быў масавы пікет у Баранавічах. Мы ставілі на ім калонкі. На самым пачатку мітынгу да нас падыходзяць супрацоўнікі міліцыі, называюць нас па прозвішчах і кажуць: "Хлопцы, вы давыпендрываліся. З вамі будуць размаўляць па-іншаму".

Пасля таго як у будынак пракуратуры ў Баранавічах 12 кастрычніка хтосьці кінуў "кактэйль Молатава", дома ў Яўгена прайшоў ператрус.

Анархіст тады быў у Мінску. Гэта можна было праверыць па камерах відэаназірання ля пад'езда. Пазней аказалася, што пра яго пытаюцца ў іншых актывістаў яшчэ і праз тое, што хтосьці спрабаваў падпальваць машыны супрацоўнікаў унутраных войскаў.

— Пасля гэтага я вырашыў, што мне на нейкі час варта з'ехаць.
 

"Яны могуць зламаць любога"

Паехаў Яўген у Польшчу па турыстычнай візе і, калі хацеў вярнуцца, даведаўся пра тое, што затрымалі Міколу Дзядка. Пачалася вялікая хваля рэпрэсій.

“Я будто “насиделся”, но наблюдать со стороны не могу”: анархисты о репрессиях
Пратэсты ў Мінску / Еўрарадыё

— У Мінску затрымалі вельмі шмат маіх таварышаў. Іх збівалі. Некаторых перазатрымлівалі. Таварыш з Баранавіч адседзеў 37 сутак, з якіх дзевяць быў у адзіночцы праз каранавірус. Адзіночка — усё лячэнне, якое яму прапанавалі.

Было жаданне ехаць дадому. Але калі я даведаўся, што адбылося з Міколам, то зразумеў, што не гатовы вярнуцца. Калі яны зламалі Міколу, то яны могуць зламаць любога.

Яўген кажа, што ён песіміст, і адзначае, што бягучы раўнд "мы трошкі прайграём". Усё ж ён спадзяецца, што да канца 2021 года рэжым падзе.

— Як толькі я ўбачу, што ёсць перадумовы для перамен, буду шукаць усе магчымыя спосабы, у тым ліку нелегальныя, каб вярнуцца дадому.
 

"Адпрацаваць" кожнага не хапае рэсурсаў

З пачатку пратэстаў анархіст Міхаіл [імя змененае, паколькі наш суразмоўнік знаходзіцца ў Беларусі. — Еўрарадыё] паспеў тройчы пабываць на сутках. Асаблівасць рэпрэсій 2020 года — нашмат меншы псіхалагічны ціск, адзначае анархіст.

— У некаторых выпадках білі, стаяў на расцяжцы некалькі гадзін. Псіхалагічны гвалт быў, але ў параўнанні з 2017 годам не вельмі моцна ціснулі. Тады я быў на допытах па некалькі гадзін. Прапаноўвалі супрацоўніцтва, пагражалі праблемамі з сям'ёй, на вучобе, са здароўем, пагражалі ў лес вывезці.

На думку суразмоўніка, каб "адпрацаваць" кожнага, цяпер не стае рэсурсаў.

Двойчы Міхаіла судзілі за ўдзел у маршах, на адным з якіх ён не быў.

— Нібыта я трымаў БЧБ-сцяг і крычаў "Жыве Беларусь". Хоць я ў жыцці не трымаў БЧБ-сцяга. Я прызнаю толькі чорны або чырвона-чорны. Абсурдныя суды, судзілішчы.

“Я будто “насиделся”, но наблюдать со стороны не могу”: анархисты о репрессиях
/ athens.indymedia.org

Пакуль анархіст быў на сутках, яго здзівіла і парадавала, што за ўвесь час у камеры не было канфліктаў, а рашэнні прымаліся гарызантальна.

На пытанне, ці не думаў ён пра ад'езд, Міхаіл адказвае, што страх, стомленасць і месцамі нават параноя спараджаюць такія думкі. Але з'язджаць ён не збіраецца.

— Хочацца цішыні і спакою. Жыць і адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні. Я быццам наседзеўся. Праз некалькі дзён пасля сутак становіцца вельмі цяжка, страшна. Праз страх не хочацца вяртацца на вуліцы. Але суткі суткамі, а за правы трэба змагацца. Проста назіраць за ўсім збоку я не магу.

Міхаіл лічыць, што пратэсту не хапае канкрэтыкі і рашучых дзеянняў.

— Яшчэ месяца паўтара таму я б сказаў, што мы перамагаем. Цяпер не ведаю, чаго чакаць. Цяперашняя актыўнасць важная. Але мянты заўсёды аналізуюць тое, што адбываецца, а пратэст як быццам стаіць на месцы. Людзі выбралі камфортныя спосабы пратэставаць, і ўсё. Але нам не варта апускаць рукі. Мы праз многае прайшлі, шмат чаму навучыліся. Мы зможам атрымаць перамогу, калі будзем развіваць пратэст і не забываць пра прынцыпы салідарнасці і ўзаемадапамогі, — робіць выснову суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі