“Я буду тут. Усё, пофіг”: Ганна Севярынец пра тое, чаму не з’язджае з Беларусі

Беларуская настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец дала вялікае інтэрв’ю выданню “Новы Час”. У ім яна ў тым ліку распавяла, чаму не з’язджае з Беларусі падчас масавых рэпрэсіяў у краіне.

— Я маю шмат прапаноў — прычым адразу ж з’ехаць на працу, і мне гэта даволі проста. Нават прасцей, чым маім дзецям. І было гэта адразу проста. Але... Я не ведаю, у першую чаргу ці ў другую, ці ў дваццаць пятую — гэта пазіцыя: я буду тут. У турме, не ў турме. З турмой асобны момант: я насамрэч адчуваю віну, што я не там. Як у Дудара напісана: “Можа, я сам шпіён?” Я іншым разам пачынаю думаць: а што такое? А чаму ўсіх пабралі, а мяне не ўзялі? Гэта значыць, можа, я калі-небудзь з якой п’яні ў маладосці штосьці падпісала там, ці, можа, у мяне «жучок» стаіць у камп’ютары і праз мяне праслухоўваюць... Гэта ж усё ў 30-я гады ўжо было, усё гэта людзі ўжо перажывалі.

Я для сябе проста пастанавіла, што я буду тут. Усё, пофіг. Хоць адна, хоць з кім... А па-другое — вось Курапаты, бацькі майго магіла, бабулі, дзядулі — яно ж усё зарастае за секунду. Я думала, дзеці мае будуць іх даглядаць, калі раптам са мной нешта здарыцца. Яны ведаюць усе магілы, якімі я апякуюся. Але выходзіць так, што дзеці з’едуць раней, чым за мною падхопяць. А па-трэцяе — мама. Яна нікуды не паедзе, бо таксама чалавек ужо ва ўзросце.

Па словах Севярынец, яна не хоча нікуды ехаць — прынцыпова: “От такая мая барацьба. А так... Ад сумы і ад турмы, як кажуць. І ў турме жывуць людзі, і ў турме знаходзяць што рабіць і знаходзяць сілы, моц. Я не рэлігійны чалавек абсалютна — фаталіст-не фаталіст, але проста думаю, што мы апынаемся ў тых месцах і ў той час, у якіх мы мусім апынуцца, калі мы жывём свядомае жыццё. Ёсць такая штука — жыццятворчасць. Я ёю адзін час займалася нават як бы навукова, але ўжо гэтую тэму “перарасла”.

Севярынец  да магчымай пасадкі ставіцца па-філасофску: “Даўно разабрала “трывожныя чамаданчыкі”. Я іх спачатку спрабавала дзецям у якасці перадач у Жодзіна перадаць, а потым думаю: “Ай, чорт з ім!” Расклала рэчы па паліцах”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.