Вытворцы легкавікоў вызваленыя ад падаткаў і мытаў

Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка падпісаў указ № 175 "Аб мерах па развіцці вытворчасці легкавых аўтамабіляў". Дакумент падпісаны "у мэтах прыцягнення ў Беларусь замежных інвестыцый у стварэнне вытворчасці легкавога аўтатранспарту".
Згодна з указам, "юрыдычныя асобы, якія заключылі з Міністэрствам прамысловасці пагадненне аб умовах вытворчасці легкавых аўтамабіляў, будуць на працягу трох гадоў вызваленыя ад падатку на прыбытак, акцыз, ад збору ў фонд падтрымкі сельскай гаспадаркі".

Апрача таго, на перыяд дзеяння гэтага пагаднення (да 10 гадоў пры ўмове арганізацыі юрыдычнай асобай зваркі, афарбоўкі і зборкі кузава) вытворцы легкавых аўтамабіляў не будуць выплачваць увазныя мытныя пошліны і падатак на дададзены кошт пры змяшчэнні пад мытны рэжым свабоднага абарачэння тэхналагічнага абсталявання і аўтакампанентаў, што ўвозяцца на мытную тэрыторыю Беларусі для вытворчасці легкавых аўтамабіляў.

Нагадаем, са жніўня 2006 года ў Беларусі вядзецца зборка іранскіх аўтамабіляў "Саманд". Сёння гэта адзіная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў у краіне.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі