Вытворца празрыстых скрыняў: “Яны да новага прэзідэнта даслужаць”

Напрыканцы ліпеня з Віцебска прыходзіць нечаканая навіна — у вобласці “празрыста” галасаваць будуць на ўсіх участках. Аблвыканкам знайшоў сродкі і збіраецца закупіць неабходную колькасць празрыстых скрынак. Кіраўніцтва рэгіёна паабяцала гэта асабіста сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку. Тэлефаную ў аблвыканкам. Там ужо без энтузіазму: “Так. Ёсць такая ідэя. Купляць скрыні збіраемся ў розных месцах, яшчэ не вырашылі —дзе канкрэтна”.

Павел Пятровіч, уладальнік невялікай віцебскай прыватнай фірмы. Пачуўшы пра урны для галасавання, ён адразу мяне папраўляе. Маўляў, правільна называць гэтую прадукцыю “боксамі для галасавання”, а не урнамі. З аблвыканкама з ім яшчэ ніхто не звязваўся.

“Скрыні робім з аргшкла. Яго гнём на адмысловым струмені накальвання. Адна са сценак непразрыстая. Узорную скрыню мы зрабілі, паказалі аблвыканкаму — усім спадабалася. Але матэрыялы, канешне, прывазныя. Кошт матэрыялаў прывязаны да еўра”.

Павел кажа, што скрынкі яго невялікае прадпрыемства робіць ужо пяць гадоў, іх нават па тэлебачанні паказваюць у сюжэтах пра выбары. Кошт такіх празрыстых скрынак — 2 мільёны 180 тысяч — не мяняўся з красавіка, відаць, і да выбараў не зменіцца.

“Нармальны гэта кошт для такой якасці. Нашыя скрыні праслужаць дзясяткі гадоў, калі іх не кідаць з другога паверха, не біць цяжкімі прадметамі. А то я ведаю пра скрыні іншых вытворцаў: яны часам развальваюцца па дарозе на ўчастак”, — запэўнівае Павел Пятровіч. І просіць не згадваць назву яго фірмы ў СМІ. На ўсякі выпадак.

2 мільёны 180 тысяч — кошт немаленькі. Гэта нават больш за сакральныя 100 баксаў — менавіта такі кошт празрыстых скрыняў агучвалі карыстальнікі сацсетак і абураліся: за што?

Шукаю больш танныя варыянты. Знаходжу ў Оршы. Мясцовы “Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва” гатовы зрабіць празрыстыя скрыні для галасавання ўсяго за 800 тысяч. Праўда, трэба замовіць партыю хаця б з 20 штук, расказвае супрацоўнік арганізацыі Андрэй Длугаш.

“А вам увогуле навошта яны? А, для СМІ… Мы іх робім з празрыстага полікарбаната. Сценкі замацоўваем адмысловым вугалком. Па перыметры заклёпкамі заклёпваем. Для надзейнасці. Дно з белага пластыку таўшчынёй 5 міліметраў. Крышка такая ж зверху, яна рухаецца. Дзірка для апячатвання ёсць. Ну і герб наклейваецца”.

Сабекошт прадпрымальнік назваць адмовіўся, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу. Паведаміў толькі, што кошт матэрыялаў — гэта прыкладна 50-60%. Сабраць яе пры наяўнасці падрыхтаваных матэрыялаў два рабочыя могуць за гадзіну.

На пытанне пра гарантыйны тэрмін выкарыстання Андрэй Длугаш супакойвае: “Калі нашымі скрынямі не гуляць у футбол, то праслужаць доўга. Нават, магчыма, выбары новага прэзідэнта перажывуць. Чаму не?”.

Насамрэч, відаць, надзейныя скрыні робяць у Оршы. Лепшую рэкламу цяжка прыдумаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі