Вынесены чарговыя прысуды затрыманым беларускім апазіцыянерам

Праваабаронцы называюць гэтыя затрыманні прэвентыўнымі — каб не дапусціць правядзення нейкіх вулічных акцый пратэсту на вачах замежнікаў. Колькасць асуджаных апазіцыянераў набліжаецца да трох дзясяткаў.



 

8 траўня быў затрыманы і асуджаны Маскоўскім судом сталіцы на 20 сутак адміністрацыйнага арышту актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Сяргей Маскойць. Абвінавачанне стандартнае — "дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі".

На 10 сутак арышту асудзіў суд Заводскага раёна сталіцы Змітра Паліенку, актывіста аргкамітэта па стварэнні нацыянал-бальшавіцкай партыі. На яго палявалі некалькі дзён (падчас апошняй акцыі нацыянал-бальшавікі вывесілі ў Мінску расцяжку "Усіх не перасаджаеце!"), адключалі электрычнасць у кватэры, каб ён толькі адчыніў дзверы. Нарэшце, міліцыянеры схапілі Паліенку і завезлі яго ў суд. Актывіст у знак пратэсту супраць беззаконня аб'явіў галадоўку.

Той жа суд адправіў на 15 сутак за краты Уладзіслава Запасава. Суд Першамайскага раёна сталіцы асудзіў на 10 сутак арышту актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Леаніда Кулакова. Суд Фрунзенскага раёна на 17 сутак "нейтралізаваў" грамадскую актывістку Настассю Кухто, на 20 сутак — Аляксандра Арлова. У Гродне на 10 сутак адправілі за краты за "дробнае хуліганства" маладафронтаўца Станіслава Рачкеля і яго сябра.

Больш падрабязна пра прысуды гл. тут.

За час чэмпіянату актывісты правядуць 22 тысячы перыядаў пад арыштам