Выкладчыкі ЕГУ выйшлі на пікет у Вільні

Як паведамляе Радыё Свабода, сярод пікетоўцаў тры сенатары ЕГУ, а таксама прадстаўнікі прафсаюзу. Яны трымаюць плакаты, напісаныя па-англійску і па-літоўску: "Аўтарытарны ўніверсітэт для дэмакратычнай Беларусі?", "Мы — не гастарбайтары", "Падробны конкурс — падробныя факультэты", "Дзе мае правы?", "Сустрэнемся ў судзе", "ЕГУ лічыць, што можа існаваць па-за літоўскім правам?".

 
Па словах пікетоўца Максіма Жбанкова, яны пратэстуюць супраць нядаўна праведзенага конкурсу на замяшчэнне выкладчыцкіх пасадаў. На думку пратэстоўцаў, адміністрацыя правяла выбар лаяльных выкладчыкаў, што не мае нічога агульнага з акадэмічнымі свабодамі. "Фактычна, ніякага конкурсу не было, было размеркаванне лаяльных супрацоўнікаў на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі", — кажа Жбанкоў.

Нагадаем, што канфлікт адміністрацыі і выкладчыкаў ЕГУ, аб’яднаных у прафсаюз "Платформа", цягнецца ўжо некалькі месяцаў. 13 студзеня рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра адкрыты міжнародны конкурс на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пасадаў. У выніку канфлікту адміністрацыя звольніла з працы дэмакратычна абранага старшыню сената ЕГУ Паўла Церашковіча.

Фота — svaboda.org