“Хто ведае, чаму вас там вучылі” — што рабіць з дыпломам ЕГУ?
Выпускніца ЕГУ / ehuniversity.lt
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт назвалі “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Яго дзейнасць забаронена ў Беларусі, таксама як атрыбутыка і сімволіка.
Самая відавочная рэч, дзе можна знайсці “забароненую” атрыбутыку ЕГУ, — гэта дыплом. Але як цяпер быць, калі ты жывеш у Беларусі і з’яўляешся выпускніком “экстрэмісцкай арганізацыі”, нават калі гэта было яшчэ да 2020 года?
Каб гэта высветліць, Еўрарадыё вырашыла патэлефанаваць у некалькі ведамстваў.
“Нічога не чулі”
Ад імя выпускніка ЕГУ, які шукае працу, тэлефануем у Міністэрства працы на інфалінію. Там нас перанакіроўваюць у Цэнтр занятасці. Вось што там адказваюць:
— Пра тое, што кагосьці прызналі “экстрэмісцкай арганізацыяй”, не чулі. Думаю, што права на працу кожны мае ў нас у рэспубліцы.
— Нават з такім дыпломам?
— Дзе вы яго атрымлівалі?
— ЕГУ — гэта ўніверсітэт, які знаходзіцца ў Літве, у Вільнюсе. Я вучыўся за мяжой і потым вярнуўся ў Беларусь.
— Ну, наконт дыплома мы вам не скажам. Гэта трэба ў Мінадукацыі звяртацца. Ці прызнаюцца там дыпломы, ці не. А вы патэлефанавалі ў Камітэт па працы. Канкрэтна мы можам [пракансультаваць] па вакансіях. У любым выпадку звяртайцеся ў аддзел занятасці па месцы рэгістрацыі. Вас зарэгіструюць і будуць прапаноўваць нешта, вакансіі, зыходзячы з вопыту і вашых пажаданняў.
У Цэнтры занятасці таксама прапануюць пагаварыць з Міністэрствам адукацыі. Тэлефануем туды, у юрыдычную службу. Выслухаўшы нашу легенду, мясцовыя юрысты кажуць, што не змогуць адказаць на пастаўленае пытанне. Наконт дыплома, атрыманага ў Літве, раяць звярнуцца ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, які займаецца прызнаннем замежных дыпломаў у Беларусі.
На гэтым тыдні Еўрарадыё звярталася ў Вярхоўны суд, які і прызнаў ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”, з тым жа пытаннем. Там адмовіліся кансультаваць па тэлефоне і параілі звярнуцца пісьмова.
На заўвагу, што ў такой сітуацыі нічога не зразумела, у Вярхоўным судзе адказалі: “Я разумею, што незразумела. І нам было б незразумела. Усё ў пісьмовай форме”.
Што кажуць у міліцыі і ГУБАЗіКу?
Каб паставіць кропку, тэлефануем дзяжурнаму аднаго з РУУС Мінска. На пытанне, што рабіць з дыпломам “экстрэмісцкай арганізацыі”, там адказваюць:
— Ну, працуйце, вы ж яго атрымалі. Але калі супрацоўнікам міліцыі трэба будзе, яны з вамі звяжуцца, не перажывайце.
— А што гэта значыць?
— Калі гэта будзе патрэбна для праверкі. Але вы ж кажаце, што скончылі даўно. Там дыплом аб вышэйшай адукацыі? […] Супрацоўнікі міліцыі будуць праводзіць праверку. Ніхто ж не ведае, калі ён стаў “экстрэмісцкім”.
— На гэтым тыдні.
— Я пра тое, з якога часу там выкладаліся курсы “экстрэмісцкай накіраванасці”, у якім годзе. Будуць праводзіць праверку — будуць высвятляць.
— У якой сітуацыі можа праводзіцца праверка?
— Проста зацікавяцца. Возьмуць спіс выпускнікоў за пэўны год, будуць абзвоньваць.
— Такое можа быць?
— Вядома. Хто ведае, чаму вас там вучылі. […] Калі супрацоўнікам міліцыі трэба будзе, яны з вамі звяжуцца. Калі ў вас яго прымаюць, працуйце з ім. Вы ж усё-такі атрымалі адукацыю не дарма. […] Вы ж яго атрымалі раней, тады ён не быў “экстрэмісцкім”.
Па парадзе дзяжурнага тэлефануем далей у МУС, а адтуль — дзяжурнаму аднаго з тэрытарыяльных падраздзяленняў ГУБАЗіК. Пытаемся, што рабіць з дыпломам ЕГУ, які калісьці атрымалі.