У ЕГУ пракаментавалі "экстрэмісцкі" статус
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / ЕГУ
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пракаментавалі рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі прызнаць установу "экстрэмісцкай арганізацыяй".
"ЕГУ — гэта міжнародная акадэмічная супольнасць студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў, аб’яднаных каштоўнасцямі адкрытага дыялогу, ведаў і свабоды слова. Універсітэт працягвае сваю дзейнасць у адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі і застаецца прасторай для адукацыі і развіцця", — гаворыцца ў каментары ЕГУ.
Як паведамлялася раней, 14 красавіка з ініцыятывы Генпракуратуры Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, зарэгістраваны ў Літве, "экстрэмісцкай арганізацыяй". На тэрыторыі Беларусі забароненая яго дзейнасць, а таксама выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі ЕГУ.
У падтрымку ўніверсітэта выступіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Ён назваў рашэнне афіцыйнага Мінска абуральным і ацаніў яго як чарговы варожы акт рэжыму Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС.
Будрыс падкрэсліў, што такое рашэнне стварае сур’ёзную рызыку для студэнтаў, выкладчыкаў ды іх сем’яў, а таксама перашкаджае доступу да незалежнай, бесстаронняй адукацыі. "Мы гатовыя падтрымаць супольнасць ЕГУ", — заявіў літоўскі міністр.