Выказваем заклапочанасць: жахлівы дзень для дэльфінаў і сварка ў Кабуле

Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Еўропа хоча, каб з ёй лічыліся, і ў яе ёсць план. Ці ёсць план у Афганістана, пакуль незразумела. З гэтага агляду вы таксама даведаецеся, што самы дрэнны план на свеце — забіваць дэльфінаў.
 

Сварка ў палацы

Крыніцы ВВС паведамляюць: у прэзідэнцкім палацы зусім неўзабаве пасля таго, як над ім пачаў развявацца сцяг "Талібана", здаецца, успыхнула бойка. Пасварыліся прыхільнікі дзвюх фракцый-сапернікаў. Талібы афіцыйна абверглі гэтыя паведамленні.

Пра канфлікт стала вядома пасля таго, як лідар палітычнага крыла "Талібана" Абдул Гані Барадар на некалькі дзён знік з поля зроку. Крыніца ВВС сярод талібаў паведамляе, што ён абмяняўся рэзкімі выказваннямі з іншым высокапастаўленым лідарам арганізацыі Халілам ур-Рахманам Хакані.

Спрэчка пачалася праз тое, што Барадар быў незадаволены структурай новага ўрада. Яшчэ адна прычына спрэчкі — пытанне пра тое, хто з "Талібана" павінен атрымаць лаўры за перамогу. Барадар лічыць, што перамога засталася за дыпламатыяй. Менавіта Барадар падпісаў пагадненне ў Досе, па якім "Талібан" дамаўляўся з ЗША пра вывад войскаў. Прыхільнікі Хакані лічаць, што перамога засталася за сілай, а не за дыпламатыяй.

Пасля гэтай сваркі Барадар знік, а ў сацсетках пачалі падазраваць, што і памёр. Талібы паведамілі ВВС, што гэта не так, што Барадар проста з'ехаў у іншы горад.

Шмат хто ў гэта не вераць, таму што досвед не на баку талібаў. "Талібан" хаваў смерць свайго лідара-заснавальніка мулы Амара больш за два гады. І ўвесь гэта час талібы рабілі заявы ад яго імя.
 

Самастойная Еўропа

Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ЕС павінен імкнуцца да ўзмацнення свайго ваеннага патэнцыялу. І часткай рашэння можа стаць стварэнне Узброеных сіл ЕС.

ЕС гістарычна спадзяваўся на альянс НАТА ў сваіх ваенных дзеяннях. Але прыйшоў час Еўропе выйсці на новы ўзровень, заявіла фон дэр Ляен у сваім штогадовым пасланні.

Ідэю стварэння еўрапейскага войска ўжо падтрымаў і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. А міністр абароны Германіі Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр заклікала да інтэнсіўных перамоў. Тэма — як ператварыць ЕС у "стратэгічнага гульца, з якім трэба лічыцца".

Каталізатарам гэтых ідэй стаў хуткі крах урада Афганістана па завяршэнні місіі пад кіраўніцтвам ЗША ў мінулым месяцы. Тут і ўзнікла пытанне: а ці можа ЕС праводзіць сваю ўласную абаронную палітыку.

Трагедыя дэльфінаў

Зусім жудасная навіна прыйшла з Фарэрскіх астравоў. Акіян афарбаваўся чырвоным праз дэльфінавую кроў. Тут прайшло традыцыйнае паляванне на дэльфінаў. Вось толькі нават мясцовая асацыяцыя кітабойнага промыслу была ў шоку: забілі паўтары тысячы дэльфінаў. Гэта ў сорак разоў больш, чым звычайна ў такі час палявання.

Лодкі загналі дэльфінаў на мелкаводдзе, паляўнічыя дабілі іх нажамі, а потым тушы выцягнулі на бераг і аддалі мясцовым жыхарам. Многія з іх былі шакаваныя маштабам забойства. Ды нават самі ўдзельнікі палявання былі ў шоку: адзін з іх сказаў, што памер чарады ацанілі няправільна, меркавалася, што ў ёй каля двухсот асобін, а не паўтары тысячы.

Абаронцы такога палявання кажуць, што кітабойны промысел — даўні спосаб здабычы ежы і самабытная рыса мясцовай супольнасці. Зоаабаронцы — дый кожны, хто паглядзеў здымкі забітых дэльфінаў, — не вельмі з гэтым згодныя.
 

А як бы зрабіла каралева?

На мінулым тыдні Паўночная Карэя святкавала сваё нацыянальнае свята — 73-ю гадавіну з дня заснавання. Усе глядзелі здалёк: у краіне практычна не засталося нават замежных дыпламатаў, усе з'ехалі.

Але гэта не значыць, што ніхто не павіншаваў Пхеньян. Віншаванні накіраваў брытанскі каралеўскі палац.

"Як і ў папярэднія гады, Яе Міласць Каралева накіравала народу КНДР пасланне з нагоды іх Нацыянальнага свята", — расказалі ва Упраўленні па справах садружнасці і развіцця Вялікабрытаніі.

"Паколькі народ Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі святкуе свой Нацыянальны дзень, я пасылаю свае добрыя зычэнні на будучыню", — сказана ў каралеўскім віншаванні.

Калі наступны раз будзеце думаць, якому народу не падасце рукі, спытайце сябе, як бы зрабіла каралева.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі