Выказваем заклапочанасць: сварка праз хамон і больш сур'ёзныя канфлікты

Што адбываецца?
Што адбываецца?

Стала занадта шмат навін з Афганістана, іспанцы пасварыліся праз мяса, а Кім Чэн Ын наадрэз адмаўляецца ад вакцынацыі.

Коратка раскажам пра вар'яцтва ў свеце.

 

Навіны з Афганістана сталі штодзённымі

Калі ЗША выходзяць з Афганістана, адтуль прыходзяць навіны. Спярша гэта былі паведамленні пра тое, колькі ўсяго пакінулі амерыканцы пасля сябе на вайсковых базах — ад зброі да спа-салонаў.

Цяпер гэта навіны пра тое, што Талібан захапіў ключавы памежны пераход на мяжы Афганістана і Ірана. У сеціве з'явілася відэа, на якім відаць, як сілы Талібана здымаюць афганскі сцяг з даху памежнай мытні.

А раней на гэтым тыдні больш за тысячу афганскіх вайскоўцаў уцяклі ў Таджыкістан.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прызнаў: малаімаверна, што афганскі ўрад зможа кантраляваць усю краіну. Але дапамогі не абяцае. Дакладней, не адправіць на вайну яшчэ адно пакаленне амерыканцаў, не маючы рацыі лічыць, што гэтым разам вынік будзе іншы.
 

Што бывае, калі надоўга трапіць у ізаляцыю

Расія чарговы раз прапанавала Паўночнай Карэі вакцыны ад COVID. А Паўночная Карэя ад іх чарговы раз адмовілася, бо ў КНДР няма каранавіруса! Прынамсі, афіцыйна.

Затое ёсць моцны голад, да якога давяла жорсткая ізаляцыя. КНДР закрыла свае межы, каб не дапусціць распаўсюджвання віруса. Міжнародныя санкцыі таксама адыгралі сваю ролю. У выніку гандаль працягваецца ў асноўным з Кітаем: Пхеньян разлічвае на Пекін у пытаннях харчавання, угнаенняў і паліва.

Ужо і Кім Чэн Ын прызнаў, што сітуацыя з харчаваннем напружаная. Ён заклікаў грамадзян рыхтавацца да горшага. Паступаюць паведамленні, што кіраўнік КНДР ужо загадаў вайскоўцам раздаць свае запасы ежы людзям.

Калі б Кім ухваліў вакцынацыю, можна было б зняць памежныя абмежаванні, аднавіць гандаль. Але тады давялося б упусціць у краіну і замежных спецыялістаў, якія назіралі б за вакцынацыяй. Чым бы ні кіраваўся Кім, пакуль што факты такія: краіне пагражае голад. І Кім заклікае рыхтавацца да голаду, а не да вакцынацыі.
 

Калі ўсе адмовяцца ад мяса, хто купіць хамон?

У Іспаніі проста супрацьлеглая праблема. Іспанцы з'ядаюць у сярэднім больш за кілаграм мяса ў тыдзень. Іспанскі міністр па пытаннях спажыўцоў сказаў: а давайце будзем есці менш мяса. Так будзе лепш і для здароўя, і для навакольнага асяроддзя.

Іспанцы адказалі: яшчэ чаго! Міністр сельскай гаспадаркі адрэзаў: "Мне здаецца, гэта кампанія няўдалая". А ў адносінах да мясной прамысловасці Іспаніі гэта яшчэ і несумленна! Асацыяцыя вытворцаў мяса нагадала: яны даюць рабочыя месцы 2,5 мільёна чалавек. І прадаюць за мяжу прадукцыі на 9 млрд еўра.

Выражаем озабоченность: ссора из-за хамона и конфликты посерьёзнее
Хамон / pixabay

Ініцыятар кампаніі паспрабаваў растлумачыць: не трэба зусім адмаўляцца ад мяса. Проста пажадана з'ядаць 200-500 грамаў у тыдзень. А не кілаграм! Гэта выратуе ад сардэчных захворванняў, дыябету і іншых хвароб.

Здавалася б, адкуль у гэтай спрэчцы ўзяцца палітыцы? Пытанне пра мяса задалі на прэс-канферэнцыі прэм'еру Іспаніі Пэдра Санчэсу. А ён узяў ды сказаў: стэйкі — непараўнаныя.

З самага прыходу Санчэса да ўлады ў 2020 годзе сябрам кааліцыі, якія сфармавалі ўрад, даводзілася дамаўляцца. І левацэнтрысты спрачаліся з крайне левымі пра ўсё: льготы для сацыяльна неабароненых катэгорый людзей, цэны на арэнду, падаткі. Цяпер яшчэ і мяса.

 

Навіна для тых, хто чакае выхадных

Букінгемскі палац застаецца закрыты праз пандэмію. Але вось вам добрая навіна: калі зачыняюцца палацавыя дзверы, адчыняюцца садовыя вароты.

Каралеўская сям'я адкрыла для публікі сад Букінгемскага палаца. Упершыню ў гісторыі туды можна купіць білет, прынесці з сабой кошык з сэндвічамі і зладзіць пікнік ці нават пленэр на свежым паветры.

Раней турысты маглі гуляць толькі па некаторых алеях саду, а цяпер можна ўсё. Гэтай добрай навіной мы адпраўляем вас у гарачыя выхадныя.

Будзем спадзявацца, за выхадныя ў свеце нічога не здарыцца. А калі здарыцца — вы прачытаеце пра гэта на Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі