Вы тут

Выказваем заклапочанасць: прынц прыйшоў у супермаркет, а ЗША сышлі з Афганістана

Коратка раскажам пра падзеі, якія адбыліся не ў Беларусі / pixabay

Амерыканцы для Амерыкі, супермаркет для прынца, а абцасы — не для парада. Вельмі хутка раскажам, што адбываецца ў свеце.
 

Амерыканцы сышлі па-англійску

На мінулым тыдні амерыканцы сказалі, што сыходзяць з базы Баграм. І сышлі. Па словах камандзіра базы афганскага генерала Асадула Кахістані, позна ўначы, не паведаміўшы афганцам.

Праз дваццаць хвілін святло на базе згасла. Марадзёры прарваліся праз агароджы і разрабавалі рэшткі.

Там было што рабаваць. За гады знаходжання тут амерыканцаў звычайная афганская ваенная база ператварылася ў міні-горад з басейнамі, кінатэатрамі, спа і рэстаранамі фастфуду.

База Баграм / Reuters

Амерыканцы пакінулі афганцам некаторую зброю і боепрыпасы, дзясяткі тысяч бутэлек з вадой і энергетыкамі, спецыяльную вайсковую ежу. І магчымасць самім разбірацца з Талібанам.
 

Вязеш нелегалаў? Можаш сесці на ўсё жыццё

Толькі ў чэрвені прыплысці ў невялікіх лодачках праз Ла-Манш у Злучанае Каралеўства паспрабавалі больш за 2 тысячы чалавек.

Але цяпер брытанскі ўрад вельмі сур'ёзна настроены перамагчы нелегальную міграцыю.

І рэч не толькі ў тым, што брытанцам шкада дзяліцца сваёй краінай і яе выгодамі з нелегаламі. Рэч у тым, што шмат людзей загінулі па дарозе ў Брытанію. Гучалі нават заклікі забараніць у сацсетках публікацыі, у якіх "прыхарошваюць" небяспекі пераходу праз Ла-Манш.

Упершыню ўрад прапануе пры разглядзе заяў на ВНЖ улічваць, ці легальна просьбіт прыбыў у краіну. А для нелегальных перавозчыкаў могуць зрабіць больш жорсткім пакаранне аж да пажыццёвага зняволення.

 

У чым пайсці на парад?

Міністэрства абароны Украіны купіць для жанчын-вайскоўцаў новы зручны абутак. Чаму пра гэта пішуць у сусветных СМІ?

Таму што некалькі дзён таму інтэрнэт абляцела фатаграфія рэпетыцыі парада да 30-годдзя незалежнасці Украіны. На ёй жанчыны-вайскоўцы чаканяць крок у абутку на абцасах.

Украінкам паабяцалі новы абутак, выгоднейшы / mil.gov.ua

Міністру хутка растлумачылі, што такі абутак несумяшчальны з баяздольнасцю. Але ён асабліва і не ўпіраўся: асабіста сустрэўся з курсанткамі, якія павінны былі ісці ў гэтай цяпер ужо скандальнай "каробцы". І паведаміў, што міністэрства ў самыя кароткія тэрміны закажа эксперыментальныя мадэлі абутку.

А калі абутак курсанткам спадабаецца, то яго закажуць для ўсяго асабовага складу.

 

Калі былы прэзідэнт ну вельмі не хоча ў турму

Абурацца, вінаваціць суд, ціснуць на жаль і сабраць прыхільнікаў — вось што дапамагае ў такой сітуацыі ў ПАР.

На мінулым тыдні суд прысудзіў папярэдняга прэзідэнта ПАР Джэйкаба Зуму да 15 месяцаў пазбаўлення волі за непавагу да суда. Зуму павінны былі арыштаваць у нядзелю.

Тады экс-прэзідэнт сказаў, што яго караюць без суда і следства. Што ў яго ўзросце (яму 79 гадоў) турма — гэта ўсё роўна што смяротны прысуд. Што ПАР скочваецца да часоў апартэіду. Ды яшчэ і яго прыхільнікі сталі вакол дома Зумы жывым шчытом.

Карацей, суд сказаў, што разгледзіць апеляцыю былога прэзідэнта праз тыдзень. Да гэтага часу ісці ў турму не трэба.

 

Пакецік патрэбны? Вось прынцу Чарлзу не патрэбны

Не чакалі ўбачыць прынца Чарлза ў аддзеле замарожаных прадуктаў супермаркета? Прынц не заблудзіў. Раскажам, як ён туды трапіў.

Прынц Чарлз прыхільнік адказнага спажывання / @ClarenceHouse/Twitter

Старэйшы сын каралевы Лізаветы II прынц Уэльскі вельмі не любіць пластык. І сетка валійскіх супермаркетаў "Ісландыя" таксама вельмі яго не любіць. Ва ўладальнікаў сеткі ёсць ідэі, як знізіць аб'ёмы пластыку ва ўпакоўцы. Увогуле, інтарэсы Чарлза і сеткі супермаркетаў сышліся.

Дзякуючы гэтаму візіту Чарлза ў супермаркет вы ведаеце, што адказаць на касе, калі прапануюць пакецік. Паводзьце сябе па-каралеўску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.