Вы тут

Пяць навін: мода ў Белым доме і “Як весці справы з Расіяй?”

Вам хопіць чатырох хвілін, каб прачытаць гэты тэкст / калаж Еўрарадыё

У Беларусі столькі ўсяго адбываецца, што ў вас дакладна няма часу сачыць за тым, што адбываецца ў свеце. Робім гэта за вас. Тут пяць навін міжнароднай палітыкі, якія карысна ведаць. Будзьце ў курсе!
 

“Як весці справы з Расіяй?”

Жазэп Барэль апублікаваў артыкул “Як весці справы з Расіяй?”. Вось як частка еўрапейскай дыпламатыі бачыць “рускае пытанне”.

Барэль канстатуе, што пры Уладзіміру Пуціну адносіны з ЕС пагоршыліся і гэта свядомы выбар Расіі. Дакладней, “урада Расіі”, а не рускага народа.

ЕС хацелася б іншага. Але Расія ёсць Расія, яна нікуды не дзенецца. А значыць, патрэбныя прынцыпы, па якіх з ёй можна будзе неяк суіснаваць і далей.

Жазэп Барэль / прэс-служба МЗС РФ

Па-першае, не дазваляць РФ парушаць міжнароднае права. На выпадак, калі яно ўсё ж будзе парушацца, Барэль намякае на санкцыі.

Па-другое, не даваць Расіі падарваць Еўрасаюз. Тут Барэль заклікае Еўропу да адзінства і згуртаванасці.

Па-трэцяе, піша Барэль, давядзецца ўзаемадзейнічаць з Расіяй — “падабаецца вам гэта ці не”. Краіна застаецца буйным гульцом на сусветнай арэне, і яна павялічыла сваю палітычную прысутнасць у шмат якіх частках свету. У тым ліку ў краінах, дзе на карту пастаўлены інтарэсы ЕС.
 

Мода ў Белым доме

А вось палітычныя навіны з ЗША, здаецца, скончыліся два тыдні таму ў час саміту Байдэна і Пуціна. Сёння галоўная інтрыга — хто будзе на вокладцы Vogue у жніўні.

Джо Байдэн і Джыл Байдэн / Vogue

І гэта… Джыл Байдэн. Vogue пакажа першую лэдзі ЗША з мужам, у прыгожай сукенцы, за працай і з унукамі. Гэта навіны для тых, хто баяўся, што пасля Маланіі Трамп Белы дом ужо ніколі не будзе такі модны.
 

Сепаратызм in the UK

Партыя, якая ўваходзіць у кіраўнічую ў Паўночнай Ірландыі кааліцыю, разлічвае на працягу пяці гадоў правесці рэферэндум. Тэма — аб'яднанне з Ірландыяй і, такім чынам, вяртанне ў ЕС.

Паўночная Ірландыя не хацела пакідаць ЕС. І цяпер яна хоча вярнуцца / euronews

Нічога нечаканага: калі праводзілі рэферэндум па Brexit, выйсці з ЕС хацелі Англія і Уэльс. Шатландцы і ірландцы адразу папярэдзілі, што ім гэта ідэя не падабаецца. У навагоднюю ноч, калі Брытанія святкавала свой першы за шмат гадоў незалежны новы год, першы міністр Шатландыі напісала, звяртаючыся да Еўрасаюза: не выключайце святло, Шатландыя хутка вернецца.

Здаецца, ірландцам таксама не падабаюцца новыя сінія пашпарты, якія ўвялі пасля выхаду з ЕС.
 

Кітайскі марсаход шле прывітанне кампартыі

Кітайскі марсаход даслаў новыя здымкі чырвонай планеты. Чаму гэта важна? Таму што Кітай увязаўся ў касмічную гонку з ЗША. А Марс цяпер — галоўная мэта гэтай гонкі.

“Марсаход “Чжужун” прапрацаваў на паверхні Марса 42 марсіянскія дні і прайшоў агулам 236 метраў. Арбітальны апарат і марсаход знаходзяцца ў добрым працоўным стане”, — кажуць у кітайскім касмічным агенцтве.

Здымкі кітайскага марсахода / CNSA

“Чжужун” не быў бы кітайскім марсаходам, калі б разам са здымкамі не даслаў “блаславенні з нагоды стагоддзя кампартыі”.
 

15 месяцаў турмы для экс-прэзідэнта

Вярхоўны суд ПАР прысудзіў былога прэзідэнта Джэйкаба Зуму да 15 месяцаў пазбаўлення волі. Але не за нейкае сур'ёзнае злачынства, а за непавагу да іншага суда.

А вось той, іншы суд якраз мае пытанні да Зумы па вельмі нават сур'ёзнай справе — карупцыі. Гаворка ідзе пра чараду хабараў на высокім узроўні ў перыяд кіравання Зумы з 2009 да 2018 года. Былы прэзідэнт адмаўляецца браць удзел у расследаванні, сваё дачыненне да карупцыі адмаўляе, у суд не ходзіць.

Адзін раз Зума на судзе ўсё ж пабываў / news.sky.com

Суддзя, якая абвясціла вердыкт, адзначыла, што ніводны чалавек не стаіць вышэй за закон, незалежна ад яго рангу ці становішча. І што калі людзі змогуць самастойна рашаць, якія законы ім падабаюцца, а якія не, то “Канстытуцыя не вартая той паперы, на якой яна напісана”.

Залатыя словы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.