Вы тут

Сыход: беларусы гадзінамі стаяць у чэргах, каб атрымаць апастыль на дыплом

Чарга па апастыль / Еўрарадыё

У Мінску на Казлова, 28 ужо некалькі дзён раніцай выстройваюцца доўгія чэргі. У будынку знаходзіцца Дэпартамент кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі — адзінае месца ў Беларусі, дзе можна "легалізаваць" для замежных краін свой дыплом аб адукацыі. Сёлета тут назіраецца асаблівы ажыятаж.

11:30 — да закрыцця дэпартамента застаецца паўгадзіны, а перад уваходам у будынак яшчэ каля ста чалавек. Усе яны спадзяюцца забраць свае дакументы з апастылем, які дазваляе паехаць вучыцца за мяжу або ўладкавацца там на працу па спецыяльнасці.

Перад Яўгеніяй у чарзе тры чалавекі, яна прастаяла ў чаканні сваіх дакументаў ужо дзве з паловай гадзіны.

— Я планую паступаць у магістратуру ў Польшчу. У Беларусі не бачу перспектыў ужо. Калі прыходзіла афармляць дакументы, то таксама прастаяла ў велізарнай чарзе. Учора, кажуць, наогул каля 300 чалавек было. Праблема ў тым, што попыт вялікі, а працуюць там усяго два чалавекі на выдачу дакументаў і прыманне, — расказвае мінчанка.

— Так, сама працэдура хуткая, але людзей занадта шмат, — дадае Юрый, які таксама нудзіцца ў чарзе. — Я афармляю дакументы для сябе і жонкі, мы збіраемся паехаць у Швецыю. Магчыма, дыплом нам там спатрэбіцца. Стаю ўжо больш за дзве гадзіны.

Так выглядае апастыль на атэстат / translateme

Чакаюць сваёй чаргі і кур'еры, якія не першы год забіраюць дакументы для сваіх заказчыкаў. Па іх словах, такога ажыятажу, як сёлета, яны не назіралі.

— У 2020-м тут было зусім мала людзей праз лакдаўн у многіх краінах. Пазалетась таксама былі чэргі, але не такія, — кажа кур'ер.

Мінчукі скардзяцца, што доўгія чэргі цяпер выстройваюцца і ў консульскае ўпраўленне МЗС, дзе таксама прастаўляюць апастылі на дакументы.

Статыстыка выдадзеных беларусам віз і відаў на жыхарства б'е рэкорды. Калі ў 2019 годзе Польшча выдала беларусам каля 9 тысяч ВНЖ, то ў 2021-м, пры захаванні тэмпаў міграцыі (5000 ВНЖ за 4 месяцы 2021-га), беларусы атрымаюць каля 15 тысяч відаў на жыхарства.

Большасць беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, — высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку айцішнікі. Ужо больш за 10% беларускіх IT-спецыялістаў пераехалі ў Польшчу па праграме Poland Business Harbour.

У Літве ў перыяд з 1 жніўня 2020 года да 15 лютага 2021 года па часовы від на жыхарства звярнуліся больш за 9 тысяч беларусаў. Амбасады і консульствы Літвы за гэты перыяд выдалі нашым грамадзянам больш за 12 тысяч нацыянальных віз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.