Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца пазней на 22 гадзіны праз пытанні бяспекі

Разгорнуты каментар даў Павел Лібер

Разгорнуты каментар даў Павел Лібер / LookByMedia

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць, як і было запланавана, з 11 па 17 траўня 2026 года, але час пачатку галасавання будзе зрушаны на 22 гадзіны. Прагаласаваць можна будзе па дзяржаўным пашпарце Беларусі і па пашпарце Новай Беларусі.

Заканчэнне выбараў пры гэтым не пераносіцца. Галасаванне скончыцца апоўначы па беларускім часе, уночы з 17-га на 18-га траўня.

Сёння на пазачарговым пасяджэнні выбарчай камісіі пасля дадатковага каментара Паўла Лібера і абмеркавання праблемы было вырашана, што неабходная дадатковая праверка кампаніі Sumsub. Таксама будуць праведзеныя дадатковыя тэсты сістэмы галасавання.

Па артыкуле [НН. — Еўрарадыё] мы ўсё праверылі, у нас няма сумненняў у нашай пазіцыі, але ёсць заява, адпаведна наша задача — дадаткова ўсё пераправерыць паводле гэтай заявы. Мы хочам быць упэўненыя, што нічога не ўпусцілі”, — сказаў тэхнічны арганізатар выбараў Павел Лібер.

Такім чынам, выбары ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання адбудуцца 11-17 траўня 2026 года.

Нягледзячы на факт уцечкі, які кампанія Sumsub прызнала ў лютым, яна ўсё ж мае больш сур’ёзную рэпутацыю, чым гэта цяпер спрабуюць прадставіць у матэрыяле “Нашай Нівы”.

Sumsub цесна супрацоўнічае з Інтэрполам у праектах па барацьбе з AI-махлярствам. А сярод яе кліентаў — не толькі крыптабіржы, але і глабальныя кампаніі, такія як Vodafone, Avis і Duolingo.

Нагадаем, што сёння “Наша Ніва” апублікавала матэрыял, у якім паставіла пад сумнеў кампанію Sumsub. Павел Лібер, які адказвае за тэхналагічны бок галасавання, у каментары выданню заявіў, што “нам трэба самім удакладніць гэтыя даныя і абмеркаваць гэтую інфармацыю з выбарчай камісіяй, паколькі яна непасрэдна ўплывае на бяспеку і этычнасць выкарыстання Sumsub — мы правядзём праверку”.

Пасяджэнне можна паглядзець тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.