Выбары ў Грузіі: “Мы ўражаныя, наколькі ўсё добра прайшло”

Эпоха Міхаіла Саакашвілі адыходзіць. Яго паплечнік па Адзіным нацыянальным руху Давід Бакрадзэ прайграў кандыдату ад кіруючай кааліцыі "Грузінская мара" Георгію Маргвелашвілі. Сам Саакашвілі паехаў жыць на кватэру да бабулі. Жыхар Тбілісі і журналіст Васо Капанадзэ расказвае Еўрарадыё, што на вуліцах горада спакойна:

“Выбары прайшлі спакойна. Асаблівых пратэстаў з боку тых, хто прайграў і незадаволены вынікамі, няма. Увогуле, усё было вельмі спакойна і дэмакратычна. Гэта адзначаюць як замежныя, так і унутраныя, грузінскія назіральнікі”.

На выбарах былы зарэгістраваныя ажно 23 кандыдаты ў прэзідэнты — самая вялікая колькасць за гісторыю грузінскай дэмакратыі. Нават у шалёныя 90-я колькасць кандыдатаў не перавышала дзесяці чалавек.

Прычынай паражэння партыі Саакашвілі на выбарах называюць тое, што менавіта пры ім Грузія фактычна страціла частку тэрыторыі. У краіне спадзяюцца, што новая ўлада зможа неяк зрушыць сітуацыю з месца. Калі ўдасца наладзіць дыялог паміж Тбілісі і Масквой, то не выключаны нават варыянт з далучэннем Грузіі да Мытнага саюза. Хоць гэта і малаверагодна.

“Уступленне ў Еўразійскі і Мытны саюзы… Грузія ўступіць. Але толькі з той умовай, калі Расія адмовіцца ад прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. У адваротным выпадку далучэння Грузіі да гэтых арганізацый не будзе, і яна застанецца паміж Расіяй і Еўрасаюзам”, — кажа эксперт.

Пра дэмакратычнасць выбараў гавораць і назіральнікі. Кіраўніца беларускай місіі назіральнікаў Анастасія Матчанка кажа, што нават прыдрацца, насамрэч, няма да чаго. Прычыну яна бачыць у тым, што функцыі сяброў выбарчых камісій прапісаныя да самых дробязяў — прасторы для самадзейнасці папросту не застаецца.

“Уражанні, насамрэч, вельмі добрыя. Цяпер, вось, мы акурат завяршаем абмеркаванне з усімі групамі. Ва ўсіх няма заўваг. Праца выбарчых камісій у грузінскім заканадаўстве прапісаная вельмі падрабязна, і усе камісіі прытрымліваюцца гэтых працэдур”.

Найбольш беларускіх назіральнікаў у Грузіі ўразіла акурат працэдура падліку галасоў, за якой у Беларусі назіраць проста немагчыма. Анастасія расказвае, што назіральнікі ў Грузіі могуць без праблем сачыць за падлікам, гэта прапісана ў заканадаўстве.

“Працэдура падліку галасоў дэталёва рэгламентаваная. Колькі чалавек лічаць галасы, як яны стаяць пры гэтым, колькі назіральнікаў прысутнічаюць пры падліку галасоў, на якіх месцах хто знаходзіцца”.

Няма прэтэнзій і да іншага — складу камісій, колькасці назіральнікаў і іх партыйнай прыналежнасці. Пасля ўсяго гэтага становіцца зразумела, чаму прэзідэнцкія выбары 2013 года сталі для Грузіі першымі, на якіх улада перайшла з рук у рукі без кровапраліцця і масавых дэманстрацый пратэсту.

Фота profi-forex.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі