Амерыка прыпыніла дапамогу Грузіі праз закон аб "іншаагентах"
![Грузія](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-07/maksim-q3kx9g5nhw4-unsplash.jpg.webp?itok=iSP4JQWL)
Грузія / unsplash.com
ЗША замарозілі дапамогу Грузіі. Пра гэта паведаміла намесніца дзяржсакратара ЗША па грамадзянскай бяспецы, дэмакратыі і правах чалавека Узра Зея.
Падставай для рашэння стаў закон "аб іншаагентах", які ў Грузіі прынялі ўслед за Расеяй.
— Асцярогі з нагоды антыдэмакратычнай траекторыі Грузіі з'яўляюцца глабальнымі, і мы заклікаем урад Грузіі прыслухацца да іх, — заявіла Зея.
Паводле яе слоў, прадстаўнікі ЗША і ЕС "часта паведамлялі аб сваіх асцярогах напрамую ўраду, як публічна, так і ў прыватным парадку".
— Я думаю, мы можам толькі зрабіць выснову, што цяперашні шлях Грузіі несумяшчальны з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, якія ляжаць у аснове членства ў Еўрапейскім Саюзе і Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, і, такім чынам, ставяць пад пагрозу шлях Грузіі да еўраатлантычнай інтэграцыі, — падсумавала намесніца дзяржсакратара ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.