У Нарвегіі памёр расійскі "кіт-шпіён"

Кіт Хвалдзімір

Кіт Хвалдзімір / world.einnews.com

У Нарвегіі знайшлі мёртвым кіта-бялуху, які мог выкарыстоўвацца расійскімі структурамі для збору інфармацыі, перадае Бі-Бі-Сі.

Пяць гадоў таму кіт з'явіўся каля берагоў Нарвегіі ў збруі з відэакамерай і лагатыпам санкт-пецярбургскай кампаніі.

Нарвежцы далі яму мянушку "Хвалдзімір". У гэтым слове яны аб'ядналі "hval" (гэта азначае "кіт" па-нарвежску) і імя Уладзімір — з намёкам на Пуціна.

Расследаванне нарвежскай разведкі прыйшло да высновы, што кіт, хутчэй за ўсё, быў задзейнічаны ў расійскай даследчай праграме. Ваенна-марскі флот РФ даўно займаецца трэніроўкай марскіх сысуноў дзеля ваенных мэтаў, пісала нарвежскае выданне Barents Observer. Журналісты нават апублікавалі на спадарожнікавых мапах указанні на месцы, дзе на іх думку размяшчаюцца падводныя вальеры для жывёл — недалёка ад ваенна-марскіх баз у Мурманскай вобласці.

Пра смерць кіта журналістам расказаў Себасцьян Стрэнд — заснавальнік грамадскай арганізацыі Marine Mind, якая цягам некалькіх гадоў адсочвала перамяшчэнні Хвалдзіміра. Паводле яго, прычыны смерці кіта пакуль назваць складана, бо на яго целе не было ніякіх відавочных пашкоджанняў. Стрэнд паведаміў, што парэшткі кіта будуць ускрытыя ў ветэрынарным інстытуце.

Эксперты дадаюць, што Хвалдзімір памёр у даволі маладым узросце — каля 15 гадоў. Працягласць жыцця кітоў можа дасягаць 60 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі