Выбарчага кодэксу не маюць нават сябры камісій

Неадукаванасці прадстаўнікоў апазіцыі днямі здзівілася старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна сцвярджае, што яны не туды пішуць скаргі. Паводле новага Выбарчага кодэксу, скаргі трэба падаваць у суд. А апазіцыянеры, якіх не уключылі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, нібыта, не ведаюць новага кодэксу і падаюць, як паводле старога, у вышэйшыя інстанцыі.
Сябра грамадскага аб’ядання БНФ "Адраджэнне" Юрый Чавусаў не патрапіў у склад камісіі, хаця вылучэнне прайшло без парушэнняў. Прычына адмовы вельмі дзіўная: у кіруючым органе ГА БНФ "Адраджэнне" толькі 4 чалавекі — маўляў, гэтага мала, каб вылучаць прадстаўнікоў. Чавусаў кажа, што гэта парушэнне закону. Скаргу падалі ў суд, як і патрабуе новы кодэкс.
Юрый Чавусаў: "Несумненна, што Лідзія Ярмошына — фігура палітычная, і яна зацікаўленая ў стварэнні кепскага іміджу апазіцыйных вылучэнцаў у выбарчыя камісіі. І таму некаторыя адзінкавыя выпадкі яна выстаўляе як тыповыя і характэрныя для апазіцыйных вылучэнцаў у выбарчыя камісіі".
Атрымоўваецца, што большасць ведае пра нормы, прапісаныя ў новым кодэксе. Але ж выбарчая камісія не стварыла належныя умовы, каб забяспечыць людзей новым Выбарчым кодэксам, кажа сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер:
"Я сябра мінскай гарадской выбарчай камісіі. Нам сказалі, што калі кодэксы выдадуць, мы вам дамо, каб вы карысталіся. На пачатак працы выбарчых камісій нічога яшчэ не было".
Уся рэч у тым, што ўвогуле заканадаўства ніколі не прымаецца перад самымі выбарамі, кажа Сяргей Альфер. Бо патрэбны час, каб зацікаўленыя асобы маглі пазнаёміцца з ім.
А атрымалася так, што закон са зменамі падпісаны і ўключаны ў рэестр 4-га студзеня. Сам кодэкс з'явіўся ў юрыдычных базах праз 10-15 дзён, прыблізна да 19 студзеня — гэта за 4 дні да заканчэння тэрміну фармавання камісій. Да 1-га лютага, як абяцалі, кодэкс мусіў з'явіцца ў крамах. Вось што кажа сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:
"Новы Выбарчы кодэкс на нашым сайце вісіць вельмі даўно. Ён 29-га студзеня надрукаваны і паступіў у продаж. Сам закон быў падпісаны 4-га студзеня. Тады ж і з'явіўся на нашым сайце".
Еўрарадыё накіравалася ў Цэнтральную кнігарню, каб даведацца, ці можна набыць новы кодэкс.
"Нельга набыць новы кодэкс. У нас ёсць толькі стары", — адказала прадавачка кнігарні.
Аказваецца, дакумент у кнігарню яшчэ не завозілі, таму таваразнаўца разам з карэспандэнтам Еўрарадыё замовіла 100 асобнікаў новага Выбарчага кодэкса ў цвёрдым пераплёце. З'явіцца ў продажы ён ужо заўтра, 3-га лютага. З учорашняга дня купіць кодэкс можна ў "Акадэмкнізе", а ад сёння ў "Доме кнігі "Светач". Але ж тэрмін падачы скаргаў у суд скончыўся ўчора, 1-га лютага.
На фота: Выбарчы кодэкс у Цэнтральнай кнігарні, пакуль толькі стары