Вязень Аляксей Мілюкоў аб’явіў галадоўку праз здзекі ў калоніі

Вязень Аляксей Мілюкоў аб’явіў галадоўку праз здзекі ў калоніі

Аляксей Мілюкоў, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі ў Горках, абвясцііў галадоўку. Пра гэта праваабарончаму сайту “Вясна” распавёў блогер з Бабруйску Алег Жалноў, які даведаўся ад адваката. 

Па словах Жалнова, адваката доўга не дапускалі да вязня, але сустрэча ўсё ж адбылася 4 верасня.

"Сын распавёў, што ў калоніі яго правакуюць на агрэсію і прымяненне фізічнай сілы, некалькі разоў спрабавалі змясціць у камеру са зняволенымі з нізкім сацыяльным статусам, але ён адмовіўся. На знак пратэсту супраць такіх дзеянняў адміністрацыі калоніі ён быў вымушаны аб’явіць галадоўку”, — паведаміў Жалноў.

Бацька распавёў, што Мілюкова неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, пазбавілі перадач і спатканняў з роднымі, перавялі ў памяшканне камернага тыпу. На яго накладзена 16 спагнанняў, у тым ліку за тое, што ён не мае кашулі і галаўнога ўбору, якія яму былі абавязаныя выдаць у калоніі, але так і не выдалі.

Жалноў лічыць, што на яго сына ціснуць за актыўную палітычную дзейнасць бацькі. Ён не выключае, што тэрмін зняволення сына могуць павялічыць.

Мілюкова асудзілі ў ліпені 2014-га на тры гады "хіміі" і штраф у 50 мільёнаў рублёў. Яго прызналі вінаватым у нанясенні маральнай і фізічнай шкоды супрацоўніку ДАІ. У верасні 2016 года яго асудзілі за ўхіленне ад адбыцця пакарання на абмежаванне волі і пасадзілі ў Горацкую калонію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі