Вы тут

Вяслярка Кацярына Карстэн абвясціла пра завяршэнне кар'еры

Кацярына Карстэн / БЕЛТА

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка вяслярка Кацярына Карстэн на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце абвясціла пра завяршэнне кар'еры.

Спартоўка падзякавала тым, хто дапамагаў ёй і падтрымліваў: "Гэта Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт, федэрацыя па веславанні, а таксама сваім напарніцам, лекарам, масажыстам, партнёркам па камандзе, мужу, заўзятарам, журналістам"

Вяслярка дадала, што рыхтавалася да восьмай Алімпіяды ў сваёй кар'еры, але перад ліцэнзійным чэмпіянатам свету ў Лінцы зламала рабро. Таму яна вырашыла прапусціць турнір і завяршыць кар'еру.

Карстэн паведаміла, што новую працу ёй дапамагае знайсці Беларуская федэрацыя веславання. Аднак гэта не трэнерская пасада. Плануецца, што з Германіі, дзе зараз пражывае яе сям'я, вяслярка пераедзе ў Беларусь. 

Кацярына Карстэн двойчы станавілася алімпійскай чэмпіёнкай (1996, 2000) і шэсць разоў — чэмпіёнкай свету (1997, 1999, 2005, 2006, 2007, 2009). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.